У Гродзенскай вобласці на тыдні затрымалі пяць чалавек. Палітвязню Уладзіміру Гундару блакуюць перапіску. У Гродне спынілі справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 лютага.

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Як мінімум 27 судовых рашэнняў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Астраўцы, Воранава, Гродне, Лідзе, Іўі, Навагрудку, Смаргоні, Карэлічах, Зэльве, Шчучыне. Людзям вынеслі ад 20 базавых велічынь (800 рублёў) штрафу да 15 сутак арышту. Двух жыхароў вобласці пакаралі 40 гадзінамі грамадскіх работ.

Затрыманне ў Лідзе

Жыхара Ліды затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сілавікі сцвярджаюць, што яго змясцілі ў ІЧУ.

Задержание в Лиде
Затрыманне ў Лідзе. Скрыншот Hrodna.life

Затрымалі барда

У Лідзе зноў затрымалі беларускага барда Сяргея Чарняка. Яго затрымалі 16 лютага і арыштавалі на 15 сутак. Яго возяць да фермера перабіраць цыбулю, паведамляе Telegram-канал “Задержания, суды в Лиде”.

Сяргей Чарняк.
Сяргей Чарняк. Фота: “Гарадзенская праваабарона”

Затрыманне ў Бярозаўцы

У Бярозаўцы 16 лютага затрымалі назіральніцу на выбарах 2020 года Гражыну Гетко. Пры затрыманні правялі ператрус. 19 лютага яе арыштавалі на 15 сутак, паведамляе Telegram-канал “Задержания, суды в Лиде”.

Гражына Гетко
Гражына Гетко. Фота: “Задержания, суды в Лиде”

Блакада лістоў у палітвязня

Усяго адзін ліст у студзені і ніводнага ў лютым не атрымалі родныя ад палітвязня Уладзіміра Гундара з крытай магілёўскай турмы №4.

– Вельмі гэтым засмучоны, што за студзень няма мне нічога. Ад мяне ён атрымаў два апошніх лісты студзеньскіх. Я нічога не пішу, што не дазволена. Вядома, што ў Наваполацкай калоніі забаранілі ўсе беларускамоўныя кнігі ў бібліятэцы. То можа ім не падабаецца, што па-беларуску мы пішам?

Лісты, якія піша адзін і другі бок на беларускай мове, рэдка дахофдзяць да адрасатаў. І ў тых лістах пісаць трэба вельмі скупа, каб дайшлі, кажуць родныя палітвязня “Беларускаму радыё Рацыя”.

Уладзімір Гундар.
Уладзімір Гундар. Фота: “Вясна”

У 2023 годзе ў Лідскім раёне 139 чалавек прыцягнулі да адказнасці за “экстрэмісцкую дзейнасць”

Распачата 65 спраў па “экстрэмісцкіх” артыкулах. У 2024 годзе за падобныя парушэнні ўжо прыцягнулі 40 чалавек. А 18 людзям, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, вынеслі афіцыйныя папярэджанні.

Затрыманне ў Слоніме

22 лютага сілавікі выклалі відэа з затрыманнем майстра “Слоніммэблі”. Мужчына распавёў, што распаўсюджваў у Telegram “забароненую” інфармацыю. У яго ёсць хворае дзіця.

Затрыманні ў Слоніме
Затрыманні ў Слоніме. Скрыншот Hrodna.life

Затрыманне ў Гродне

Гродзенца затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Telegram-чатах.

Затрыманне ў Гродне.
Затрыманне ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Новыя “экстрэмісты”

23 лютага “спіс экстрэмістаў” папоўнілі Санько Віталь Мечыслававіч, Кашко Іван Аляксандравіч, Краўчэўскі Ілля Пятровіч, Рабцаў Сяргей Вітальевіч з Гродна, Вярбіцкі Іван Францавіч з Ашмянскага раёна, Трафімчык Таццяна Іванаўна з Дзятлаўскага раёна.

Гродзенец рэпостнуў «Хартию» — а яго не пакаралі. Як так выйшла?

Гродзенец быў падпісаны ў Facebook на пяць груп, прызнаных экстрэмісцкімі. У тым ліку ён распаўсюджваў лагатып «Официальная группа Хартия’97». Яго судзілі 6 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суд пастанавіў спыніць вытворчасць па справе па ч. 2 арт.19.11 КаАП у сувязі са сканчэннем тэрмінаў накладання спагнання.