У Гродзенскай вобласці на тыдні затрымалі пяць чалавек. Палітвязню Уладзіміру Гундару блакуюць перапіску. У Гродне спынілі справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 лютага.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Як мінімум 27 судовых рашэнняў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Астраўцы, Воранава, Гродне, Лідзе, Іўі, Навагрудку, Смаргоні, Карэлічах, Зэльве, Шчучыне. Людзям вынеслі ад 20 базавых велічынь (800 рублёў) штрафу да 15 сутак арышту. Двух жыхароў вобласці пакаралі 40 гадзінамі грамадскіх работ.
Затрыманне ў Лідзе
Жыхара Ліды затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сілавікі сцвярджаюць, што яго змясцілі ў ІЧУ.
Затрымалі барда
У Лідзе зноў затрымалі беларускага барда Сяргея Чарняка. Яго затрымалі 16 лютага і арыштавалі на 15 сутак. Яго возяць да фермера перабіраць цыбулю, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Затрыманне ў Бярозаўцы
У Бярозаўцы 16 лютага затрымалі назіральніцу на выбарах 2020 года Гражыну Гетко. Пры затрыманні правялі ператрус. 19 лютага яе арыштавалі на 15 сутак, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Блакада лістоў у палітвязня
Усяго адзін ліст у студзені і ніводнага ў лютым не атрымалі родныя ад палітвязня Уладзіміра Гундара з крытай магілёўскай турмы № 4.
— Вельмі гэтым засмучоны, што за студзень няма мне нічога. Ад мяне ён атрымаў два апошніх лісты студзеньскіх. Я нічога не пішу, што не дазволена. Вядома, што ў Наваполацкай калоніі забаранілі ўсе беларускамоўныя кнігі ў бібліятэцы. То можа ім не падабаецца, што па-беларуску мы пішам?
Лісты, якія піша адзін і другі бок на беларускай мове, рэдка дахофдзяць да адрасатаў. І ў тых лістах пісаць трэба вельмі скупа, каб дайшлі, кажуць родныя палітвязня «Беларускаму радыё Рацыя».
У 2023 годзе ў Лідскім раёне 139 чалавек прыцягнулі да адказнасці за «экстрэмісцкую дзейнасць»
Распачата 65 спраў па «экстрэмісцкіх» артыкулах. У 2024 годзе за падобныя парушэнні ўжо прыцягнулі 40 чалавек. А 18 людзям, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, вынеслі афіцыйныя папярэджанні.
Затрыманне ў Слоніме
22 лютага сілавікі выклалі відэа з затрыманнем майстра «Слоніммэблі». Мужчына распавёў, што распаўсюджваў у Telegram «забароненую» інфармацыю. У яго ёсць хворае дзіця.
Затрыманне ў Гродне
Гродзенца затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Telegram-чатах.
Новыя «экстрэмісты»
23 лютага «спіс экстрэмістаў» папоўнілі Санько Віталь Мечыслававіч, Кашко Іван Аляксандравіч, Краўчэўскі Ілля Пятровіч, Рабцаў Сяргей Вітальевіч з Гродна, Вярбіцкі Іван Францавіч з Ашмянскага раёна, Трафімчык Таццяна Іванаўна з Дзятлаўскага раёна.
Гродзенец рэпостнуў «Хартию» — а яго не пакаралі. Як так выйшла?
Гродзенец быў падпісаны ў Facebook на пяць груп, прызнаных экстрэмісцкімі. У тым ліку ён распаўсюджваў лагатып «Официальная группа Хартия'97». Яго судзілі 6 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суд пастанавіў спыніць вытворчасць па справе па ч. 2 арт.19.11 КаАП у сувязі са сканчэннем тэрмінаў накладання спагнання.