Масленічны тыдзень – апошні перад Вялікім пастом у праваслаўных – у 2024 годзе пачнецца 11 і скончыцца 17 сакавіка. Турыстычныя комплексы пад Гроднам і раённыя цэнтры культуры клічуць адзначаць Масленіцу, у тым ліку ў незвычайнай форме. Будуць святкаваць і ў Гродне. (Абноўлена)
Масленіца ў цэнтры Гродна
У цэнтры горада плануюць тэатралізаванае шэсце, 10 лакацый з конкурсамі і пачастункамі і спальванне масленічнага пудзіла. На “масленічнай вуліцы” гродзенскія прадпрыемствы раскажуць пра дні масленічнага тыдня.
Падрабязней: У Гродне з’явіцца «масленічная вуліца»: дзе і як плануюць святкаваць Масленіцу-2024
Дзе: Гродна, пл. Леніна, пл. Тызенгаўза, парк Жылібера
Калі: 16 сакавіка (12.00-19.00).
Колькі: бясплатна.
Цэнтр рамёстваў на Рэйманта
Цэнтр рамёстваў “Спадчына” ў Гродне запрашае на інтэрактыўную праграму “Масленічныя гулянні”. У праграме – спектакль лялечнага тэатра “Батлейка” (масленічны сюжэт), майстар-клас па стварэнню лялькі “Масленіца”, гульні і танцы.
Арганізатары запрашаюць таксама школы і дзіцячыя садкі.

Дзе: цэнтр рамёстваў “Спадчына” (Гродна, Рэйманта, 12).
Калі: з 6 па 15 сакавіка, па папярэднім запісе.
Колькі: 5 руб.
“Привал”
На базе адпачынку “Привал” Масленіцу назвалі “Блінны варушняк”, вырашылі пачаць святкаваць загадзя і ў форме пераасэнсавання некаторых народных традыцый. Анансуюць “пранк-чэлендж” “Махач бярвёнамі”, кулачныя баі “для самых разумных”, “бітву карагодаў” і дыскатэку.

Дзе: база адпачынку “Привал” (Гродзенскі раён, вёска Пышкі, Падлабенскі с/с, 35).
Калі: 23-29 лютага і 1-3 сакавіка (пачатак дзеяў 11:00, 13.00, 15.00).
Колькі: уваходны квіток на тэрыторыю комплексу 6 руб. для дарослых, 3 руб. для дзяцей ад 3 да 14 гадоў (да 3 гадоў – бясплатна).
“Каробчыцы”
“Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”” галоўным героем імпрэзы на Масленіцу вырашыў зрабіць Ямелю, персанажа адной з казак усходніх славян (найчасцей сустракаюцца расійскія варыянты).

Дзе: Гродзенскі р-н, вёска Каробчыцы.
Калі: 9-10 сакавіка 2024, 12.00-17.00.
Колькі: уваходны квіток на тэрыторыю комплексу 10 руб. для дарослых, 5 руб. для дзяцей.
Турыстычны комплекс “Пышкі”
Святкаваць групамі на турыстычна-аздараўленчы комплекс “Пышкі” запрашае Гродзенская абласная федэрацыя прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Абяцаюць конкурсы, карагоды, пачастункі, спальванне пудзіла і катанні на брычцы. З незвычайнага для Масленіцы – паказальныя выступы МНС і салдацкая каша. Даты на афішы няма, лепш удакладніць, звязаўшыся з арганізатарам.

Дзе: Гродзенскі р-н, Падлабенскі с/с, вёска Пышкі, 32.
Калі: 12.00.
Колькі: 35 руб. з чалавека пры групе ад 40 чалавек.
Зельва
Калі вы гатовы да большых падарожжаў, можна паехаць у Зэльву. Там Масленіцу асвяткуюць на цэнтральнай плошчы. Праграма будзе бліжэй да народных традыцый. На свяце рыхтуюць сустрэчу з масленічнымі персанажамі, пачастунак блінамі – сімвалам свята і спальванне пудзіла зімы. Удзельнікаў мерапрыемства чакаюць конкурсы, народныя гульні і атракцыёны, выстава работ рамеснікаў і выступленне раённых калектываў. Больш падрабязнасцяў можна даведацца ў ДУК “Зэльвенскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” (+375(1564)7-10-02, +375(1564)7-11-39).
Дзе: гарадскі пасёлак Зэльва, цэнтральная плошча.
Калі: 16 сакавіка 2024 г. (субота), 15:00.
Колькі: бясплатна.
Масты
У Мастах гастям абяцаюць яркі тэатралізаваны паказ, традыцыйныя песні і скокі і прыпеўкі. Самыя адважныя змогуць ускараскацца на зледзянелы слуп і зняць з яго падарункі. Кульмінацыяй стане абрад спальвання пудзіла, які сімвалізуе праводзіны зімы. На свяце будзе таксама кірмаш і гульнявая зона, дзе кожны зможа паўдзельнічаць у розных конкурсах. Арганізатар –
ДУ “Мастоўскі раённы цэнтр культуры” (+375151564494).
Дзе: горад Масты, звычайна – на пляцы ля стадыёна «Нёман».
Калі: 16 сакавіка 2024 г. (субота).
Колькі: бясплатна.
Чытайце таксама:



