На Румлёўскім мосце будуць перакрываць рух пешаходаў. Праўда, не цалкам, а па чарзе спачатку з аднаго боку моста, потым з другога. Пачаўся другі этап рэканструкцыі моста — праз год і восем месяцаў пасля першага.
Спецыялісты пачынаюць апрацоўку ніжняй часткі Румлёўскага моста. Усе працы плануюць завяршыць да траўня, паведаміў «Гродно Плюс» са спасылкай на гарадскую ЖКГ.
Гэта другі этап рэканструкцыі моста. Першы этап — рамонт верхняй часткі - доўжыўся са студзеня па чэрвень 2022 года. Цалкам перакрываць рух па мосце падчас прац на ніжняй частцы на гэты раз не плануюць.
Што рабілі на першым этапе
На першым этапе работ, у 2022 годзе, адрамантавалі праезную частку і ходнікі, умацавалі канструкцыю маста. Тады спачатку таксама не збіраліся цалкам перакрываць рух. Рамонт пачалі 10 студзеня, у лютым мост вырашылі закрыць на два дні для выпрабаванняў. Спачатку на мосце збіраліся замяніць агароджу, разабраць ходнік, памяняць асфальт і дарожны борт, замяніць дэфармацыйныя швы. Падчас рамонтных працаў выявілі дэфекты, якія змаглі ўбачыць толькі пасля разбору часткі канструкцый. Тэрміны рамонту падоўжылі і рух на мосце планавалі аднавіць да 1 красавіка, пасля — да 1 чэрвеня. З 13 красавіка на мосце цалкам перакрылі і рух пешаходаў. У выніку мост адкрылі 15 чэрвеня.
З моманту ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыю ў 1986 годзе Румлёўскі мост ні разу не рэканструявалі. Капітальны рамонт дазволіць мосту прастаяць яшчэ 25 гадоў.