«Гроднажылбуд» плануе пабудаваць у квартале паміж вуліцамі Курчатава, Ліможа, Брыкеля і Дзяржынскага 11-павярховы дом на два пад’езды. Грамадскае абмеркаванне канцэпцыі забудовы пройдзе з 19 лютага да 4 сакавіка 2024 года.
Дом у мікрараёне «Дзевятоўка-1» атрымае адрас вул. Курчатава, 3. Зараз на яго месцы пустыр.
Заезды да дома будуць арганізаваны з вуліц Дзяржынскага і Курчатава.
Паводле разлікаў, у доме будзе жыць 227 чалавек, сярод іх 13 дашкольнікаў і 29 школьнікаў.
Дзевятоўку ўшчыльняюць не першы раз
Раней ужо ўшчыльнілі мікрараён «Дзевятоўка-3» — там пабудавалі 10-павярховы дом на 80 кватэр.
У планах гарадскіх уладаў таксама ўшчыльненне забудовы мікрараёнаў «Дзевятоўка-6» і «Дзевятоўка-7».
Дзе даведацца больш пра праект
Праект можна пабачыць на сайце гарвыканкама або ў вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: пл. Антонія Тызенгаўза, 3 (з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00).
Прэзентацыю праекта правядуць 29 лютага 2024 года ў 15.00 у кабінеце 1 будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: пл. Антонія Тызенгаўза, 3.
Як выказацца пра праект
Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання прымаюцца з 19 лютага да 4 сакавіка 2024 года з паметкай «грамадскае абмеркаванне» па наступных адрасах:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, паштовы адрас: плошча Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна. E-mail: gorisp@gorod.grodno.by
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. E-mail: arhitektura@gorod.grodno.by
- У пісьмовым выглядзе, у журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.