У Беларусі плануюць прыпыніць праект развіцця сеткі паштаматаў ад “Белпошта”. Афіцыйная прычына – няма запатрабаванасці. Пры гэтым у суседняй Польшчы паштаматы – вельмі папулярны спосаб адпраўкі і атрымання пасылак.

“На ўнутраным рынку яны [паштаматы] не моцна запатрабаваныя. Мы разглядаем нейкае іншае вырашэнне, якое будзе прасцей. Гэты праект мы паставім на паўзу”, — сказала гендырэктар “Белпошта” Святлана Юркевіч.

Пачаткова планавалася, што паштаматы дазволяць скараціць чэргі пры атрыманні пасылак з-за мяжы. Але зараз гэты паток значна знізіўся. Усяго ў месяц беларусам дастаўляюць каля 600 тыс. міжнародных пасылак – частка з іх сыходзіць у паштаматы.

“Белпошта” закрывае, прыватнікі – развіваюць

Паштаматы – аўтаматызаваныя пункты, праз якія можна адправіць альбо атрымаць пасылку, у тым ліку замовы з інтэрнэт-крамаў. Агулам па Беларусі “Белпошта” усталявала каля 40 паштаматаў. Першыя з’явіліся ў 2018 годзе – 11 у Мінску, па адным у абласных цэнтрах, а таксама ў Оршы, Лідзе, Барысаве і Бабруйску.

Акрамя “Белпошты”, свае паштаматы ў Беларусі мае інтэрнэт-крама адзення Lamoda (22, з іх 18 у Мінску і па адным у абласных цэнтрах, у 2023 годзе), служба экспрэс-дастаўкі DPD (20, амаль усе ў Мінску і толькі адзін у Гродне ў ГЦ OldCity), расійскі маркетплэйс OZON (20 паштаматаў у 2023 годзе і ўсе ў Мінску). Сетку паштаматаў пад брэндам CityPost развівае фірма «Аўталайтэкспрэс»: яна ўсталявала па ўсёй Беларусі 89 паштаматаў (з іх восем – у Гродзенскай вобласці).

“Замест аптымізацыі і эфектыўнасці абіраюць супрацьлеглае”

“Вельмі шкада, што замест аптымізацыі і эфектыўнасці абіраюць супрацьлеглае”, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook медыяэксперт Дзяніс Васількоў. Ён называе паштаматы вельмі зручным спосабам адпраўляць і атрымліваць тавары з інтэрнэт-крамаў. На яго думку, мадэль, якая дапамагае развівацца e-commers і рынку дастаўкі, не спрацавала ў Беларусі па віне самой “Белпошты”.

Афіцыйная прычына: скарацілася плынь міжнародных пасылак, якія туды накіроўвалі для зручнасці. Але гэта вельмі зручная пазіцыя – мы ставім на паўзу праект, у які ўкладзены сотні тысяч, кліенты вінаватыя, а не мы. А па факце гэта госы, ім не трэба нічога развіваць. Іх усё задавальняе. Таму што гэтыя рацыяналізатары ў Магілёве, напрыклад, паштамат паставілі проста ля будынка пошты. Здзіўляюцца потым, чаму ім не карыстаюцца”, – піша Васількоў.

Чытайце таксама: Гродзенскі філіял «Белпошты» ўзначаліў палкоўнік КДБ

Колькі ў Гродне паштаматаў і дзе яны знаходзяцца

У Гродне тры паштаматы “Белпошта”. Яны размяшчаюцца на вуліцы Карла Маркса, 29, на праспекце Янкі Купалы, 87, а таксама на вуліцы Дзяржынскага, 113А. Усе з іх размяшчаюцца каля аддзяленняў “Белпошта”.

Колькі паштаматаў у суседзяў?

У суседнім Беластоку ўсталявана больш за 240 паштаматаў самых розных прыватных фірмаў. Агулам у Польшчы больш за 20 тысяч прыладаў. На гэтым рынку ў краіне вялікая канкурэнцыя. У Расіі сетка паштаматаў налічвае не менш за 15 тысяч, а ва Украіне – 5 тысяч.