Пасля закрыцця некаторых пагранпераходаў на літоўска-беларускай мяжы патокі грамадзян Літвы, якія выязджаюць у Беларусь, на астатніх пунктах зменшыліся. А вось беларусаў, якія ездзяць туды і назад, стала больш. Пра гэта расказаў кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў. Ён лічыць, што для больш якаснага кантролю трэба абмежаваць колькасць беларусаў, якія ўязджаюць у Літву, піша Delfi.
“Нашы грамадзяне сталі радзей ездзіць у Беларусь, але ўсё ж яшчэ ездзіць нямала. Патокі скараціліся, у першую чаргу, з-за пагаршэння ўмоў перасячэння мяжы, людзям даводзіцца стаяць у чэргах. Можа, дзейнічаюць і заклікі не ездзіць у Беларусь з-за пэўных пагроз для бяспекі і здароўя. Мы зараз не фіксуем вялікіх чэргаў і росту плыняў, магчыма, так усё і застанецца”, – сказаў Любаеў.
Літоўцы ўскладняць уезд беларусам?
Урад Літвы хуткім часам павінен абмеркаваць прапановы па падвышэнні якасці кантролю на мяжы.
“У нашых інтарэсах – найлепшы кантроль за замежнікамі, якія ўязджаюць, я кажу пра грамадзян Расіі і Беларусі. Калі патокі такія вялікія, забяспечыць якасны кантроль складана, мы лічым, што адзін з магчымых шляхоў – памяншэнне патоку, каб забяспечыць якасць працэдуры праверкі”, – растлумачыў Любаеў.
Ён лічыць, што калі КПП на мяжы з Беларуссю не зачыняць, то могуць абмежаваць час працы некаторых з іх.
Дзе мяжа з Літвой ужо зачынена
У канцы лета 2023 г. літоўскі бок закрыў пункты пропуску “Лоша – Шумскас” у Гродзенскай вобласці і “Відзы – Тверачус” у Віцебскай вобласці. Тады літоўцы патлумачылі гэта тым, што закрыццё памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю знізіць рызыку сутыкнення з пагрозамі.
Тады ж, у жніўні 2023, стала вядома, што ў выпадку абвастрэння адносін паміж Беларуссю і Літвой апошняя гатова закрыць яшчэ два пункты пропуску – “Лаварышкі” і “Райгардас” (“Катлоўка” і “Прывалка” з беларускага боку).



