У гродзенскім заапарку святкуюць дзень народзінаў гімалайскіх медзведзянят Машы і Лёшы. Даты іх нараджэння ніхто не ведае: калі малых знайшлі, ветэрынары вызначалі яе па іх стане. Атрымалася — прыкладна сярэдзіна студзеня. Дзень народзінаў вырашылі адзначаць увесь тыдзень.
Гімалайскія медзведзяняты Маша і Лёша ў заапарку — агульныя ўлюбёнцы. У гонар дня народзінаў малых кормяць адмысловым меню, расказалі ў заапарку ў рэпартажы «Гродна Плюс». На падвячорак у іх каша з разынкамі і салодкія бутэрброды з мёдам і тварагом. Маляняты ядуць шмат і смачна, амаль як дарослыя.



Акрамя звычайнага кармлення, для іх падрыхтавалі смачную гульню. Цукеркі, бананы, яблыкі, крыху сена і цыбулю склалі ў кардонныя скрынкі і закрылі. Медзведзяняты будуць гуляць з імі, адкрываць і есці пачастункі. Зімой мала наведвальнікаў, на вуліцу маленькія мядзведзі не ходзяць — толькі ў добрае надвор’е. Супрацоўнікі заапарка прыдумляюць розныя забаўкі, каб малыя не сумавалі.



Медзведзяняты не сышлі ў спячку, як дарослыя, і жывуць у спецыяльным вальеры ў ветэрынарным корпусе. Іх любяць не толькі супрацоўнікі і наведвальнікі: у сацсетках заапарка ролікі пра жыццё Машы і Лёшы набралі больш за 170 тысяч праглядаў.
У адзін з перыядаў свайго першага года медзведзяняты былі досыць агрэсіўнымі адзін з адным і не заўсёды разлічвалі сілу з персаналам. З узростам яны сталі больш добрымі, падзялілася ветэрынарная ўрач Алена Камарэц.



Цяпер малыя ласкавыя і заўсёды радуюцца, калі да іх прыходзяць. Маша і Лёша навучыліся ціснуць на жаль, каб выпрасіць смачнае: смактаць лапу і крактаць, нават калі іх нядаўна пакармілі.
Бліжэй да лета малых пераселяць у вялікі вальер на вуліцы — каб бачылі наведвальнікаў.
Медзведзяныты-падкідышы
Гімалайскія медзведзяняты Маша і Лёша з’явіліся ў гродзенскім заапарку вясной гэтага года. Ім ужо было па чатыры месяцы. Як менавіта яны патрапілі ў Гродна і што з імі здарылася, да канца не зразумела, расказалі тады ў сацсетках заапарка. Іх з’яўленне стала «поўнай нечаканасцю», але яны «тэрмінова мелі патрэбу ў жытле і дапамозе».
Медзведзяняты адчувалі сябе добра і сталі хутка расці. У жніўні ім ужо спатрэбілася ванна для купання замест тазіку.
Чытайце таксама: