Начальнік сектара дапаможных матэрыялаў і сродкаў абароны «Гродна Азот» Дзяніс Грычык запатрабаваў хабар ад спецыяліста па продажах фірмы, якая прадае вырабы з гумы. Пры гэтым не толькі за будучыя дагаворы на пастаўкі, але і за мінулыя. А калі не — то ёсць фірмы, гатовыя працаваць на такіх умовах. Спецыяліст пагадзіўся і выплаціў у агульнай суме $ 24 390 — а потым прыйшоў у міліцыю з павіннай. Грычыка ў выніку асудзілі на шэсць з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала галоўнае з прысуду.
У чэрвені ў Гродне пачалі судзіць Дзяніса Грычыка. Яго звесткі супадалі са звесткамі затрыманага раней начальніка сектара дапаможных матэрыялаў і сродкаў абароны. Нядаўна ў банку судовых рашэнняў з’явіўся прысуд ад 7 жніўня 2023 года.
Дзяніса Грычыка пачаў судзіць 16 чэрвеня 2023 года ў судзе Кастрычніцкага раёна паводле арт.430 ч. 3 КК «Атрыманне хабару» суддзя Віталь Лабоцкі. У прысудзе дадзеныя засакрэчаныя, абвінавачаны выступае як «Г.» і «супрацоўнік сектара * аддзела ААТ «Г.», суддзя — «Л.». У справе таксама фігуруе «філіял «Завод Х.». Грычык, мяркуючы па матэрыялах справы, жанаты, у яго ёсць малалетні і непаўнагадовы дзеці.
На сваёй пасадзе Грычык быў абавязаны займацца закупкамі і рыхтаваць праекты дагавораў з пастаўшчыкамі. Пры гэтым ён здзейсніў асабліва цяжкае карупцыйнае злачынства — атрымаў хабар у асабліва буйным памеры для сябе і блізкіх. Ён прыняў ад спецыяліста па продажах ТДА «Ф.» не менш за 77 938,3 рублёў ($ 24 390) — за тое, што зробіць ТДА «Ф.» пастаўшчыком, заключыць дамову і будзе адпраўляць ім заяўкі на пастаўку.
Грычык распавёў, што работнік Р. прапанаваў яму грошы за заключэнне дагавораў на пастаўку гуматэхнічных вырабаў. Той паведаміў, што ў ТДА «Ф.» устаноўлены мінімальны памер цаны рэалізуемай прадукцыі. Памер хабару павінен быў вызначацца як адсотак ад розніцы паміж коштам пастаўленай ТДА «Ф» на адрас ААТ «Гродна Азот» прадукцыі і мінімальным коштам тавараў. Зарплата Р. таксама фармавалася з 4% ад кошту тавару, прададзенага па мінімальнай адпускной цане, і з 25% ад кошту тавару, якая перавышае мінімальную адпускную цану.
Спецыяліст па продажах ТДА «Ф» фігураваў у справе як сведка. Ён распавёў, што яны сустракаліся ля запраўкі з ініцыятывы Грычыка. Там ён запатрабаваў грошы за будучыя і раней заключаныя дамовы. Маўляў, калі ён не пагодзіцца, ёсць іншыя прадпрыемствы, якія згодныя працаваць на такіх умовах. Р. пагадзіўся плаціць узнагароду ў памеры 25% кошту тавару, якая перавышае мінімальную адпускную цану. І пачаў атрымліваць ад Грычыка заяўкі на пастаўкі - і плаціць за іх. У красавіку (верагодна, 2023 года, бо Грычыка затрымалі ў траўні - Hrodna.life) звярнуўся ў міліцыю з яўкай з павіннай.
Пры паступленні заявак на закупку гуматэхнічных вырабаў коштам ад 100 да 1000 базавых велічынь Грычык накіроўваў запыт цэнавых прапаноў праз Р. у адрас ТДА «Ф.», — і ў адрас іншых фірмаў. Калі прапанаваная ТДА «Ф.» цана была ніжэй прапанаванай іншымі, паведамляў пра гэта Р. з прапановай павысіць цану. Пасля чаго ад ТДА «Ф.» паступала цэнавая прапанова з больш высокай цаной, але ніжэй прапанаванай іншымі ўдзельнікамі. Калі цэнавая прапанова ТДА «Ф.» была вышэй за іншых цэнавых прапаноў, прапаноўваў Р. панізіць цэнавую прапанову ТДА «Ф.». Затым складаў кан’юнктурны ліст, у якім прапаноўваў выбраць пастаўшчыком ТДА «Ф.», а таксама праект дамовы з ТДА «Ф.».
Паводле дакументаў Грычыка «Гродна Азот» разлічыўся з «Ф». З разліковага рахунку прадпрыемства на разліковы рахунак ТДА «Ф.» у кошт аплаты паступіла 927 373,79 рублёў. За гэта Грычык атрымаў хабар наяўнымі і з трох карт Р. на свае карты, рахунак і карты жонкі. Як мінімум чатыры разы ён атрымліваў хабар наяўнымі на запраўцы і ў горадзе — усяго 1900 рублёў. З іх 300 рублёў - за ўжо заключаныя дагаворы. На карты ён атрымаў яшчэ 50 772,13 рублёў — 46 плацяжамі, 18 390,98 рублёў — 10 плацяжамі, і 6 875,19 рублёў. Спецыяліст плаціў 12 чысла кожнага месяца — пасля атрымання свайго заробку.
Грычык прызнаў віну часткова. Ён прызнаў атрыманне грошай на карты, але адмаўляе, што атрымліваў грошы наяўнымі. Таксама сцвярджае, што рашэнне аб заключэнні дамовы з ТДА «Ф.» і аплаце прадукцыі прымалі кіраўнікі прадпрыемства.
Гендырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка, які выступаў у справе сведкам, распавёў, што калі праект дамовы не завізаваны адказным за закупку выканаўцам, ён не будзе завізаваны іншымі службовымі асобамі, што выключае падпісанне дамовы кіраўніком ААТ.
Таксама сведкамі па справе выступалі начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, начальнік фінансавага кіравання, начальнікі аддзелаў і эканамісты.
Вядома, што адна з сустрэч Грычыка і Р.запісвалася на аўдыё.
Грычыка прызналі вінаватым у прыняцці службовай асобай для сябе і блізкіх матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры, якія прадстаўляюцца выключна ў сувязі з займаемым ім службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў (ч.3 арт. 430 КК). Акрамя шасці гадоў калоніі, ён заплаціць штраф у 500 базавых велічынь (18 500 рублёў) і будзе на пяць гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Яго пакінулі пад вартай.
15 000 рублёў у кошт кампенсацыі даходу ён ужо заплаціў. Засталося выплаціць спагнаныя 62 938,30 рублёў. Маёмасць, уключаючы тры тэлевізары і мяккі куток, пакінулі пад арыштам.
Чытайце таксама: У Гродне за хабар судзяць начальніка «Гродна Азот»
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…