Шэсць вакансій у Гродзенскім аблвыканкаме з’явіліся на партале службы занятасці 29 снежня 2023 года. На іх звярнула ўвагу «Газета Слонімская». Вось якія заробкі прапануюць у гэтай установе Гродна.
Больш за ўсё ў Гродзенскім аблвыканкаме зможа зарабіць адміністратар сетак. Каб уладкавацца на гэтую пасаду патрэбная вышэйшая адукацыя. Выканкам прапануе пастаянную працу ў адну змену на адну стаўку. Зарплата ў гэтым выпадку складзе 1220 руб. (тут і далей — заробкі да выліку падаткаў).
Электрамеханік-электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электрычнага абсталявання заробіць менш. Яму ў аблвыканкаме гатовы плаціць 752−770 рублёў. Наймальнік шукае спецыяліста з трэцім разрадам і адпаведнай прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.
Падобны заробак у слесара-сантэхніка — 748 рублёў.
З агульнай сярэдняй адукацыяй гатовы ў аблвыканкаме ўзяць на працу прыбіральшчыкам памяшканняў. На гэтую пасаду шукаюць трох супрацоўнікаў. Зарплата прыбіральшчыка складзе 690 рублёў.
Чытайце таксама: Базавая велічыня ў Беларусі ў 2024 годзе вырасла да 40 рублёў
Якія сярэднія заробкі ў Гродне
Усе гэтыя вакансіі прапануюць заробак ніжэйшы за сярэдні па Гродне і вобласці. У лістападзе 2023 года намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў Гродне склала 1991,1 рубля. У Гродзенскай вобласці - 1783,9 рубля.
Гэта заробкі да выплаты падаткаў і страхавых узносаў, гэта значыць, на рукі работнік атрымлівае менш — трэба адняць 13% падаходнага падатку і 1% узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.