На магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, якога царскія ўлады расстралялі ў Лідзе ў 1863 годзе, зацерлі герб паўстання 1863−1864 гадоў. Інфармацыю пра гэта апублікаваў Telegram-канал «Спадчына».
Магіла ксяндза — камень з імём, прозвішчам і гадамі нараджэння і смерці. Раней наверсе каменя быў яшчэ герб з выявамі арла, Пагоні і арханёла Міхаіла — сімваламі Польшчы, Літвы і Русі. Цяпер герб сцёрты.
Хто такі Адам Фалькоўскі і за што яго расстралялі
Адам Фалькоўскі - ксёндз, які нарадзіўся ў 1812 годзе на Падляшшы. Пасля навучання ў Віленскай семінарыі яго пасвяцілі на святара ў 1841 годзе ў Гродне. Быў настаяцелем касцёла ў Кузніцы, а ў 1854 годзе яго перавялі ў касцёл вёскі Ішчална (Шчучынскі раён).
Падчас паўстання 1863 года ён зачытаў маніфест паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў далучыцца да паўстання. За гэта яго арыштавалі, нягледзячы на тлумачэнне, што ён, нібыта, рабіў гэта пад прымусам быць пакараным з боку паўстанцаў. У чэрвені 1863 года яго расстралялі ў Лідзе каля дарогі на аграгарадок Крупава.
Як лідчукі спрабавалі ўшанаваць памяць ксяндза
Месца пахавання людзі абклалі камянямі. У часы Расійскай імперыі паліцыя часта іх раскідвала. У 1919 годзе на магіле ўсталявалі крыж, але той у 1940 годзе знішчылі камуністы.
Крыжы, якія ўсталёўвалі ў 1990-я гады лідскія актывісты, таксама зносілі. З 2004 года магіла ксяндза была пазначана неафіцыйна, але ў верасні 2010 года перад «Дажынкамі» яе прыбралі бульдозерамі. Моладзь пяць дзён ладзіла пікет на месцы пахавання. У выніку лідскія чыноўнікі прапанавалі ўсталяваць памятны камень.
Чытайце таксама: