“Забег цвярозасці” ў Гродне 1 студзеня 2024 года правядуць улады. Зараз арганізатарамі забегу выступаюць аддзел спорту і турызму гарвыканкама сумесна з гарадскім фізкультурна-спартыўным клубам і гарадскім камітэтам «БРСМ». Раней яго арганізоўваў бегавы клуб Run4Fun і Гродзенская праваслаўная епархія са спонсарамі.
У 2024 годзе ўдзельнікам, старэйшым за 12 гадоў, прапануюць прабегчы 4 км вакол «Пышкаў». Старт будзе ад сцэны ў лесапарку. На сцежцы здароўя арганізуюць размінку, прабежку і забаўляльную праграму. Плануюць каля 300 удзельнікаў. Для першай сотні будуць медалі.
Першы забег цвярозасці прайшоў у 2014 годзе з 60 удзельнікамі. Рэкорд – 500 чалавек – быў у 2020 годзе.
“Адціскаць” мерапрыемствы – звычайная практыка
У ліку арганізатараў не значыцца клуб Run4Fun, які пачынаў традыцыю забегаў дзевяць гадоў таму. Мерапрыемствы таксама няма на іх сайце.
Тое, што ўлады перахопліваюць грамадскія ініцыятывы — звычайная з’ява, распавядала крыніца Hrodna.life са сферы культуры. І ў СССР, і 2010-я праходзілі фестывалі і мерапрыемствы, якія пачыналі аматары. Пазней чыноўнікі перахоплівалі арганізацыю і “адціскалі” фестываль. Арганізатарамі станавіліся выканкамы.



