У Гродне Новы год будуць святкаваць да 4 раніцы 1 студзеня. Святочны канцэрт пройдзе на Савецкай плошчы. Паглядзелі, хто ўдзельнікі.
Праграму на 1 студзеня апублікаваў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры:
1:00−2:00 Выступы гродзенскіх артыстаў.
2:00−2:10 Святочны салют.
2:10−3:00 Выступленне жаночага трыа «Бай-Сити» з Мінска. Гурт існуе з 2007 года, выступаюць у жанры поп-музыкі, еўрапоп. Удзельніцы «Песен года Беларуси», фестываля «Вытокi», у 2022 годзе ўдзельнічалі ў праўладнай акцыі «Будущее в единстве».
3:00−4:00 Выступленне кавер-групы «Креатив бэнд» з Гродна. На саксафоне там грае гродзенскі джазмэн і арганізатар Jazz Stories Аляксандр Краўчук.
Салют запусцяць са сквера каля былога палаца тэкстыльшчыкаў.
Калядны кірмаш «Зімовы фэст» на Савецкай у навагоднюю ноч (1 студзеня) будзе адкрыты з 01.00 да 04.00. На кірмашы можна не толькі паесці стрыт-фуду, выпіць глінтвейн і купіць сувенір, але і сустрэцца з Дзедам Марозам. У гэтым годзе яму паставілі домік проста на плошчы. Там жа ёсць і навагодняя пошта, дзе можна падпісаць і даслаць паштоўку па Беларусі.
На Новы год — вялікія выхадныя
На Новы год беларусаў чакаюць чатыры выхадныя дні запар — з суботы, 30 снежня, па аўторак, 2 студзеня.
30 снежня паліклінікі і бальніцы Гродна будуць працаваць па графіку суботы, 31 снежня — па графіку выхаднога дня, 1 і 2 студзеня 2024 года — па графіку працы ў святочны дзень.
30 і 31 снежня, а таксама 1 і 2 студзеня грамадскі транспарт будзе курсаваць у рэжыме выхаднага дня. Адпаведна, у гэтыя дні не дзейнічае праязны працоўнага дня.
Практычна ўсе елкавыя кірмашы будуць працаваць да 30 снежня зс 11:00 да 19:00.