Тэлефонныя ашуканцы пад выглядам следчых тэлефануюць людзям і абвінавачваюць іх у дапамозе ўкраінскай арміі. А потым самі прапануюць спосаб абараніць грошы, якія захоўваюцца дома, ад канфіскацыі. У Гродне ад такой схемы пацярпелі ўжо двое.

Тыя, хто тэлефануе, «папярэджваюць», што хутка ў ахвяры пройдуць ператрусы з канфіскацыяй усіх грошай да выяўлення іх паходжання.

Каб захаваць назапашванні, ім рэкамендуюць тэрмінова пайсці ў банк і пакласці ўсе сродкі на банкаўскую карту. Паролі і SMS-коды прапануюць перадаць супрацоўнікам МУС для дэкларавання.

У аднаго гродзенца такім чынам знялі амаль $ 6 000, другую ахвяру пазбавілі больш за 6 000 рублёў. Калі ашуканыя зразумелі, што іх падманулі, яны звярнуліся ў міліцыю, расказаў супрацоўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Максім Базыленка ў каментары на СТВ.

Нядаўна ў Беларусь прыйшла яшчэ адна новая схема разводу: ашуканцы па тэлефоне пераконваюць, што чалавек або яго сваякі прызнаныя пацярпелымі па крымінальнай справе, і суд выплаціць ім грашовую кампенсацыю. Для яе атрымання ахвяры прапануюць аплаціць судовыя выдаткі.

Базыленка параіў звяртаць асаблівую ўвагу на нумары, з якіх вам тэлефануюць, і не адказваць замежным абанентам. Перад прыняццем рашэння аб пералічэнні грошай прапануюць спачатку патэлефанаваць у міліцыю.

Чытайце таксама: Колькасць кіберзлачынстваў на Гродзеншчыне вырасла за год. Якія метады папулярныя ў ашуканцаў