Навіны

Рэестр для блогераў і рэклама сілавікоў па патрабаванні. Як у Беларусі мяняюць закон аб рэкламе

Юрыдычныя асобы і ІП больш не змогуць публікаваць рэкламу ў інтэрнэце, калі іх няма ў адмысловым рэестры. Распаўсюджвальнікі вонкавай рэкламы павінны будуць размяшчаць рэкламу сілавых органаў па патрабаванні дзяржавы, а рэкламы на тэлебачанні ўвечары стане больш. Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла законапраект «Аб змене законаў па пытаннях рэкламы». Пра гэта паведамілі ў Telegram-канале ведамства.

Згодна з новаўвядзеннямі, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць аказваць паслугі па размяшчэнні рэкламы ў інтэрнэце без уключэння ў спецыяльны рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў. Такім чынам і блогерам, і сайтам, не зарэгістраваным як сеткавыя выданні, прыйдзецца дамагацца ўключэння ў рэестр.
Памяняецца парадак узгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце.

Так, ІП будзе забаронена размяшчаць вонкавую рэкламу трэціх асоб. А вось дзяржаўныя аператары вонкавай рэкламы змогуць размяшчаць яе на дзяржаўнай нерухомасці без правядзення таргоў.

Рэкламараспаўсюджвальнікаў абавяжуць на прыналежных ім сродках вонкавай рэкламы размяшчаць рэкламу дзяржаўных святаў, памятных датаў і сацыяльную рэкламу аб дзяржаўнай і грамадскай бяспецы па патрабаванні дзяржорганаў. Зменяцца патрабаванні да размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы на помніках архітэктуры і аб’ектах гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Рэклама з’явіцца на шкле цягнікоў метро — раней іх нельга было заклейваць.

Рэкламы ў тэлевізары стане больш

Рэклама ў праграмах на тэлебачанні і радыё з 18.00 да 22.00 стане даўжэйшай — час паказу павялічаць з 16 да 18 хвілін на працягу кожнай гадзіны. У перадачах, карацейшых за 15 хвілін, таксама з’явіцца рэклама ў выглядзе накладанняў, у тым ліку «бягучым радком».

А вось паняцце «эквівалентны ўзровень гуку» прыбяруць, і сам падыход да пытанняў, звязаных з узроўнем гуку рэкламы, спросцяць.

Нельга будзе адмовіць у заключэнні дагавора на паслугі тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошты праз адмову абанента або адрасата атрымліваць рэкламу.

Алкаголь будуць рэкламаваць ноччу

Алкаголь дазволяць рэкламаваць у начны час. З 21.00 да 7.00 на гадзіну павялічаць час для рэкламы піва, слабаалкагольных напояў, казіно і азартных гульняў. Таксама ўвядуць новыя азначэнні - «безалкагольнае піва» і «безалкагольны піўны напой». У рэкламе слабаалкагольных напояў дазволяць выкарыстоўваць таварныя знакі з выявамі людзей ці жывёл, як у рэкламе піва.

Як менавіта фармаваць рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў, вырашыць урад. Таксама ўрад складзе спіс паслуг па размяшчэнні і распаўсюдзе рэкламы, якія можна будзе аказваць без уключэння ў рэестр.

Чытайце таксама: Бондарава дамаглася, каб «Еўраопт» змяніў сваю рэкламу. Але на гэтым яна не спыняецца (абноўлена).

Падзяліцца

Апошнія запісы

На Ласасянцы з’явяцца масткі і пляж. Там будзе парк адпачынку на Фолюшы

У мікрараёне Фолюш у Гродне ўзвядуць парк адпачынку. Яго хочуць зрабіць камфортным для моладзі і…

29 красавіка 2025

У цэнтры Гродна закрылася крама спорттавараў, якая працавала больш за 30 гадоў

Гродзенцы звярнулі ўвагу, што з будынка па вуліцы Ажэшкі, 42 знікла шыльда «Спорттавары». Instagram-акаўнт крамы…

28 красавіка 2025

Фільм на кітайскай раскажа пра Гродна і яго «інвестыцыйную прывабнасць»

Іміджавы фільм аб інвестыцыйнай прывабнасці Гродна задумалі ў гарвыканкаме. На яго выдаткуюць бюджэтныя грошы. Відэа…

28 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся амерыканскі дэсерт — печыва з рознымі начыннямі

У Гродне пачалі прадаваць «крамбл кукіс» — амерыканскае печыва з рознымі дадаткамі і салодкімі топінгамі.…

28 красавіка 2025

Назву гурта Dzieciuki і яго сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі». Падобна, што «экстрэмісцкай» стала і першая беларускамоўная газета

Сацсеткі панк-гурта з Гродна Dzieciukі і сам гэты надпіс у Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Паводле фармулёўкі…

27 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць дом з ажурным балконам за 60 метраў ад Нёмана

У Гродне на продаж выставілі дом на 2-м Падольным завулку - па суседстве з рэстаранам…

26 красавіка 2025