Гродзенская вобласць актыўна развівае турыстычныя адносіны з Кітаем. Пакуль жа каля 80% турыстаў прыязджаюць з Расіі.
Таксама Гродна цікавы грамадзянам Еўрасаюза і краін СНД, расказаў «Гродно Плюс» начальнік Упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Максім Малахоўскі.
З Кітайскай Народнай Рэспублікай ужо падпісаны шэраг урадавых пагадненняў, абодва бакі вызначылі турыстычных аператараў. Кітайскія турысты да 30 дзён могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без афармлення візы. Тыя ж умовы — і для беларусаў у Кітаі.
Малахоўскі адзначыў павышаную цікавасць да Беларусі з боку сярэднеазіяцкіх краін і збліжэнне з Узбекістанам. У першую чаргу прыезджых з Азіі цікавяць беларускія санаторыі.
У перыяд, калі было больш турыстаў з Заходняй Еўропы, у Беларусі больш рыхтавалі гідаў-перакладчыкаў, перакладалі меню грамадскага харчавання, рэкламу і інфармацыйныя паказальнікі. Зараз фокус маркетынгу зрушылі на Расію, прызнала раней намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. «Аддаём перавагу расійскім тураператарам і супрацоўніцтву з рэгіёнамі», — заявіла яна.
Гасцей чакаюць, але гатэляў мала
Месцаў, дзе турысты маглі б спыніцца, у Гродне па-ранейшаму не хапае. Праблему збіраюцца вырашаць паэтапна. У 2024 годзе ў планах адкрыццё ў Гродне 10 новых аб’ектаў размяшчэння. Адна з гасцініц адкрыецца на тэрыторыі былога піўзавода, рэканструкцыя якога працягваецца.
У Гродзенскую вобласць турыстаў прыцягваюць аграэкасядзібамі, водным, пазнавальным турызмам, напрыклад, паездкай на дрызіне па заказніку «Азёры», кэмпінгамі і глэмпінгам (адпачынак на прыродзе з выгодамі). Для развіцця ўязнога турызму многія раёны прапануюць двухдзённыя туры.
У мінулым годзе ў Гродзенскую вобласць прыехала каля 400 тысяч турыстаў. У гэтую колькасць увайшлі тыя, хто як мінімум спыняўся на начлег. Унутраны турызм вырас на 20%.