Жыхар Гродна прайшоў медкамісію ў ваенкамаце і апынуўся непрыдатным да службы ў ваенны час з-за плоскаступнёвасці і дэфармацыі стоп. Але ў 2023 годзе ў спіс хвароб, па якіх мужчыны вызваляюцца ад пераагляду, унеслі змены. Цяпер хлопцу трэба зноў яго праходзіць. Ён палічыў гэта парушэннем сваіх правоў і пайшоў у суд.
Грамадзянскі працэс разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна з удзелам прадстаўнікоў ваеннага камісарыята горада і раёна і вобласці.
Гродзенец лічыць, што дзеянні ваеннага камісарыята Гродна і раёна ўшчамляюць яго правы. Хлопец паведаміў, што прызыўная камісія прызнала яго нягодным да ваеннай службы ў мірны час і абмежавана прыдатным да службы ў ваенны час. Яго залічылі ў запас, выдалі яму ваенны білет і вызвалілі ад абавязковага медагляду (пераагляд звычайна праводзіцца кожныя тры гады). Узрост хлопца ў рашэнні суда не пазначылі.
Пасля змены закона хлопец атрымаў позву на медагляд. Гродзенец лічыць, што ўнесеныя ў прававыя акты змены не маюць зваротнай сілы, а праходжанне пераагляду ўшчамляе яго Канстытуцыйныя правы. Ён прасіў суд прызнаць дзеянні ваенкама незаконнымі і вызваліць яго ад медкамісіі.
Змены ўнесены пастановамі Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя
Фактычна, пашырылі спіс хвароб, з якімі беларусы цяпер прыдатныя або часткова прыдатныя для тэрміновай службы.
Што кажа ваенкамат?
Прадстаўнік ваенкамата прасіў у задавальненні скаргі адмовіць, бо дзеянні вайсковага камісарыята заснаваныя на законе і не ўшчамляюць правы гродзенца.
Ён паведаміў, што хлопец сапраўды прызнаны непрыдатным згодна з п."в" арт. 68 графы 1 дзеючага раскладу хвароб — плоскаступнёвасць і дэфармацыя стоп. Гродзенец тры гады не праходзіў медагляду. Цяпер жа п. «в» арт. 68 выключаны з пераліку захворванняў, па якіх грамадзяне вызваляліся ад абавязковага медыцынскага агляду. Цяпер ваенныя камісары павінны пераправерыць у тым ліку вызваленых на падставе гэтага пункта ад службы.
Акрамя гэтага, медыцынскі агляд неабходны і для вызначэння крытэрыяў прыдатнасці да ваеннай службы ў ваенны час і прыцягнення да ваенных збораў, паведаміў прадстаўнік.
Што вырашыў суд?
Справу спынілі за непадведамаснасцю судам, паколькі дадзеныя праваадносіны рэгулююцца спецыяльным заканадаўствам.
Юрысты чакалі задавальнення скаргаў
Zerkalo.io пісала пра падобныя выклікі нягодных раней да тэрміновай службы хлопцаў. У пачатку 2023 года, калі спіс хвароб толькі змяніўся, у вайсковым камісарыяце Брэста і Брэсцкага раёна тлумачылі: закон зваротнай сілы не мае.
Юрыст, які працуе з прызыўнікамі, тлумачыць: сітуацыя з перааглядам «не з’яўляецца зваротнай сілай закона», таму няма ніякіх парушэнняў у тым, што хлопцаў сталі выклікаць у ваенкамат. Калі ваеннаабавязаны не з’явіцца на пераагляд, яго чакае адміністрацыйная адказнасць па арт.26.3 КаАП «Парушэнне грамадзянамі абавязкаў па воінскім уліку» (штраф у тры базавыя велічыні). Арт. 435 КК «Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу» на яго не распаўсюджваецца, бо яго клічуць на пераагляд, а не на прызыў.
Сэрвіс бясплатнай юрыдычнай дапамогі беларусам Legal Hub на «Белсат» у чэрвені 2023 года раіў звяртацца ў суд са скаргай на незаконныя дзеянні ваенкамата. «Практыка разгляду такіх скаргаў адносна новая: суды і ваенкаматы апынуліся да яе не гатовыя. Здараецца, што дастаткова проста скаргі - і нават без суда ваенкамат пераглядае ўласныя дзеянні», — паведамлялі тады юрысты.
Чытайце таксама: