З унутранага боку ўваходных варот сядзібы “Літоўка” размешчаны паўмесяц і зорка — сімвал, які лічыцца “ісламскім”. Над імі размяшчаецца праваслаўны крыж. Гэта можна расцэньваць як перамогу хрысціянства над ісламам – таму сімволіку трэба прыбраць. Так адказаў Гродзенскі аблвыканкам на ліст Вольгі Бондаравай.

Ліст аб неабходнасці прыбраць дэкор накіравалі і ўладальніку “Літоўкі”. Яго трэба выдаліць “у мэтах выключэння нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варажнечы”, і каб гаспадары не здаваліся ісламафобамі.

Уладальніку таксама не трэба змяшчаць унутры і звонку будынкаў “збудаванні рэлігійнай і акультнай сімволікі” і малюнкі, якія выкарыстоўваюць рэлігійныя, нацыяналістычныя і экстрэмісцкія арганізацыі. Прычына – сімвалы маюць сэнсавую нагрузку, якая можа адрознівацца ад той, якая ўкладаецца ў іх дызайнерамі сядзібы.

“А ЛГБТ-вясёлка, скульптура цела жанчыны, умантаванага ў стойку ў бары, хай застаюцца. Іх жа не патрактуеш як ісламафобію. І постаць Ліліт на ўваходзе на тэрыторыю аб’екта – таксама не”, – раcхвалявалася Вольга.

Фэнтэзі-сядзіба “Літоўка”

Яе адкрыў Навагрудскі прадпрымальнік Сяргей Коваль. Ідэяй сядзібы якраз і было сумяшчэнне сімвалаў і знакаў розных культур і рэлігій. У лепшыя гады за выхадныя яе наведвалі да 4000 чалавек. Справа сутыкнулася са скандаламі: на сходы людзей мясцовыя жыхары скардзіліся ўладам. Уладальнік у 2019 годзе наклаў на сябе рукі. Пасля смерці Сяргея Коваля кіраўніцтвам сядзібы занялася яго дачка.

“Літоўка” працягвае працаваць

Бондарава спрабавала закрыць сядзібу “Літоўка”. Па яе наводцы ў пачатку восені працу сядзібы правяралі Навагрудскі РАУС і Навагрудскі райвыканкам. Туды прыязджала рабочая група з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Навагрудскі РАУС не знайшоў складу правапарушэння ў дзеяннях кіраўнікоў “Літоўкі”. Праўда, прыйшлося змяніць тэкст экскурсіі, размясціць інфармацыйныя таблічкі і «апрануць» скульптуру. Для дзяцей увялі забарону на наведванне некаторых аб’ектаў.