У Гродне на прыпынках грамадскага транспарту плануюць усталяваць электронныя табло. Папяровыя расклады таксама абновяць. Якія змены ўнясуць у расклад, паведаміў кіраўнік Гродзенскага гарадскога Аператара пасажырскіх перавозак Вадзім Матусевіч.
На прыпынках могуць з’явіцца электронныя табло
На найбольш папулярных прыпынках горада плануюць неўзабаве ўсталяваць электронныя табло. Яны павінны паведамляць аб тым, калі і які аўтобус, тралейбус ці маршрутка прыедуць.
У 2018 годзе на пяці папулярных гродзенскіх прыпынках ужо ўсталявалі мультымедыйныя экраны. Тыя табло ўсталёўвала прыватная фірма з Барысава. У лютым 2023 года яны ўжо не працавалі, бо ўсталёўшчык не выконваў свае абавязкі. Таксама перабоі ў працы табло адбываліся праз змяншэнне колькасці рэкламы.
Чытайце таксама: Зрабіць вандроўкі па горадзе зручнымі: што такое бясшвоўнасць перасоўвання і як яе дасягнуць
Цяпер Аператар пасажырскіх перавозак хоча ўсталяваць новыя экраны самастойна. Зараз прылады тэстуюць, каб яны маглі спраўна працаваць у любы перыяд года.
У папяровыя расклад дададуць інтэрвал маршрутак
У Гродне плануюць змяніць і традыцыйныя расклады на прыпынках. На некаторых акрамя аўтобусаў і тралебусаў у расклад унясуць інтэрвалы руху маршрутак. Гэта будзе датычна найбольш запатрабаваных прыпынкаў і канчатковых.
Фармат раскладаў пры гэтым не зменіцца, хаця не ўсім ён падаецца зручным. У 2020 годзе рэдакцыя Hrodna.life на сайце petitions.by запусціла зварот у Гродзенскі гарвыканкам з просьбай зрабіць табліцы раскладу руху на прыпынках зручнымі. Петыцыю падпісалі больш за 50 чалавек, але гарвыканкам так і не адказаў на яе.
Будуць пераймяноўваць прыпынкі
Сёння ў Гродне 546 прыпынкаў. Адлегаласць паміж імі - 350−800 метраў у шматпавярховых забудовах і 500−1000 метраў у прыватным сектары. Там, дзе гэта трэба, прыпынкі хочуць перайменаваць альбо перанесці.
Чытайце таксама: У Гродне мяняюць расклад транспарту. Што яшчэ варта змяніць, каб ім было зручней карыстацца