Дэфектолаг са Слоніма ў 2018 годзе купіла кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст». У 2023-м знайшла яе дома і вырашыла прадаць. Гэта не ўдалося, таму жанчына здала яе ў макулатуру. У выніку яе судзілі па арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў - за гэты час кнігу прызналі «экстрэмісцкай».
Жанчына расказала ў судзе, што купіла кнігу ў адной з кнігарняў Гродна для дачкі-школьніцы. Дачка паступіла ва ўніверсітэт. Летам 2023 года слонімчанка наводзіла парадкі ў кватэры і знайшла кнігу ў добрым стане. Вырашыла яе прадаць праз інтэрнэт-краму.
Аб’ява вісела два месяцы. Кнігу ніхто не купіў, і слонімчанка здала яе ў макулатуру. Пра тое, што яна прызнана экстрэмісцкім матэрыялам, жанчына не падазравала. Яна адзначыла ў судзе, што з’яўляецца педагогам з 20-гадовым стажам і ніколі не ўдзельнічала ні ў якой пратэстнай дзейнасці. У яе ёсць малалетняя дачка.
Кнігу прызналі экстрэмісцкай па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 12 верасня 2022 года. Падзеі гісторыі аўтар у ёй паказаў з нацыянальнага пункту гледжання. Ён расказаў пра гісторыю ад узнікнення старажытных плямёнаў да незалежнасці Беларусі, абвергнуўшы пры гэтым многія міфы і памылкі.
Чытайце таксама: Забароненыя кнігі ў Беларусі: экстрэмізм, «няправільная» любоў і «небяспечная» гісторыя
Суд Слонімскага раёна вырашыў пакараць жанчыну штрафам у 10 базавых велічыняў - 370 рублёў - і канфіскацыяй камп’ютара, з якога яна размяшчала аб’яву.