Маці з вазкамі не могуць патрапіць з вуліцы Дамініканскай на вуліцу Савецкую. Прычына — шлагбаум, які перагароджвае дарогу. Пра гэта NewGrodno.by расказала маладая маці, якая не здолела пераадолець перашкоду.
На Дамініканскай, 3, побач са шлагбаумам, знаходзіцца пляцоўка летняга кафэ. «Стойка шлагбаума размяшчаецца вельмі блізка да тэрасы летняга кафэ. Прайсці з вазком практычна немагчыма, а для бацькоў блізнятаў гэтая місія робіцца і ўвогуле невыканальнай», — сказала жанчына.
Калі на Дамініканскай з’явіўся шлагбаум
Шлагбаум на вуліцы Дамініканскай усталявалі вясной 2023 года. Ён павінен быў абмежаваць праезд чужых аўтамабіляў на пешаходную вуліцу Савецкую. Таксама гэта павінна было гарантаваць большую бяспеку пешаходам у гістарычнай частцы горада.
Дзівосы дзяржзакупак: адзін і той жа шлагбаум закупалі двойчы
Гэты шлагбаум усталявалі ў канцы красавіка 2023 года, але ў жніўні Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка замовіла распрацоўку праекта для шлагбаума на Дамініканскай, 3. На распрацоўку планавалі выдаткаваць больш за тры тысячы рублёў з гарадскога бюджэта.
Пры гэтым, яшчэ адзін шлагбаум у гэтым месцы ставіць не збіраліся. Верагодна, закупка была звязана з рэканструкцяй ці мадэрнізацыяй ужо існага шлагбаума, казалі ў Гродзенскай гарадской ЖКГ. Але гаворка ў дакументах вялася менавіта пра ўсталёўку быццам новага абсталявання.
Чытайце таксама: