На мінулым тыдні стала вядома пра затрыманні на яшчэ адным прадпрыемстве ў Лідзе. У яшчэ адной структуры – затрыманні і звальненні. Горад ужо месяц знаходзіцца пад узмоцненай увагай сілавікоў.
На Лідскім прадпрыемстве «Конус» праваахоўнікі затрымалі некалькі супрацоўнікаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Гродненские сливы». Аўтар паста адзначыў, што на заводзе гарачага цынкавання адзін з самых вялікіх заробкаў у горадзе.
Іншы канал паведаміў пра рэпрэсіі і звальненні ў Лідскай ЖКГ. 28 верасня ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці ЖКГ затрымалі блізу сямі мужчын 40-45 гадоў. Прычынай сталі “экстрэмісцкія” пасты і каментары ў сацсетках. Пасля затрымання паступіў загад іх звольніць, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Акрамя гэтага, да заканчэння кантракту звольнілі трох праграмістаў і майстра. Канал мяркуе, што зверху прыйшоў спіс. Каб звольніцца па ўласным жаданні, трэба загадзя папярэдзіць кіраўніцтва і знайсці сабе замену. Яна павінна быць лаяльная да рэжыму і не «засвечаная».
Дзе ў Лідзе прайшлі затрыманні?
- На фестывалі LIDBEER – затрымалі двух мужчын за крыкі “Жыве Беларусь!”.
- “Лідахлебапрадукт” – 6 верасня масавыя затрыманні рабочых за падпіскі і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
- На “Лакафарбе” затрымалі шэсць чалавек. 7 верасня іх выпусцілі са штрафамі як мінімум 10 базавых.
- На “Лідсельмашы” 15 верасня прайшлі затрыманні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Некаторыя з затрыманых удзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе.
- Неназванае прыватнае прадпрыемства. Там затрымалі супрацоўніка і начальніка затрыманага, які працуе майстрам і папярэдзіў падначаленага, што за ім могуць прыйсці.
- На прадпрыемстве “Белтэкс Оптык” 21-22 верасня таксама былі затрыманні.
- “Лакафарба” — затрыманні 22 верасня.
- На Лідскай ЖКГ, у тым ліку ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці, прайшлі затрыманні — затрымалі бухгалтара.
Акрамя гэтага, праходзілі «нецэнтралізаваныя» затрыманні.
Чытайце таксама: У Гродзенскім рэгіёне ідуць зачысткі: што кажуць эксперты аб масавых затрыманнях у райцэнтрах



