У сусветны Дзень без аўтамабіля 22 верасня прынята адмаўляцца ад асабістага аўтатранспарту і выбіраць экалагічную альтэрнатыву — грамадскі транспарт, ровар і іншае. Каб гродзенскім кіроўцам было прасцей пакінуць машыну дома, ім прапануюць цэлы дзень карыстацца грамадскім транспартам бясплатна.
Каб скарыстацца магчымасцю, трэба будзе прад’явіць пасведчанне кіроўцы і тэхпашпарт на машыну.
Напярэдадні Дня без аўтамабіля ДАІ Гродна сумесна са спецыялістамі Гродзенскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяралі, ці пройдзены ў вадзіцеляў тэхагляд, і якое дакладнае ўтрыманне шкодных рэчываў у выхлапных газах аўтамабіля. Замеры праводзілі цягам двух дзён.
З 40 спыненых машын перавышэнне нормы ў выхлапных газах знайшлі ў сямі, паведамляе «Гродно Плюс». Пакуль кіроўцам выпісалі папярэджанні, але за такое парушэнне прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць.
Па статыстыцы, больш за 80% выкідаў у атмасферу адбываецца менавіта ад транспартных сродкаў, распавёў начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Пісанка. Гродна лічыцца самым аўтамабілізаваным з беларускіх гарадоў.
Чытайце таксама: Гродна, дыхай глыбей! Што з паветрам у самым аўтамабілізаваным горадзе Беларусі