Аблвыканкам Гродна аб’явіў конкурс праектаў па добраўпарадкаванні набярэжнай Нёмана. Прапаноў чакаюць не толькі ад прафесійных архітэктараў, але і ад звычайных жыхароў горада.
Удзельнікі павінны паказаць свае варыянты архітэктурнай канцэпцыі таго, як павінна выглядаць набярэжная Нёмана. Конкурс назвалі «Злучаючы мосты і берагі». Яго правядуць па трох намінацыях:
- прафесіяналы;
- навучэнцы;
- грамадзяне.
Ацэньваць працы будуць паводле некалькіх крытэрыяў. Сярод іх арыгінальнасць ідэі, выкарыстанне сучасных тэхналогій, асартымент раслін, тое, як праект будзе спалучацца з суседнімі тэрыторыямі і магчымасць усесезоннага выкарыстання набярэжнай.
Заяўкі і конкурсныя матэрыялы можна падаць у камітэт па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама да 1 лістапада на e-mail: naberezhnaya.grodno23@gmail.com. Найлепшым працам у кожнай з намінацый абяцаюць «самавітыя грашовыя прызы».
Аб тым, што плануецца шукаць праекціроўшчыка для адрэзка набярэжнай ад Старога да Новага моста праз конкурс, паведамлялі яшчэ ў лютым 2023 года. Гарадскія ўлады разлічваюць, што прыгожая добраўпарадкаваная набярэжная з’явіцца ў Гродне праз пяць гадоў, да 900-годдзя Гродна.
Што з набярэжнай зараз?
Telegram-канал Urban Hrodna вылучыў найбольш актуальныя праблемы:
- практычна няма лавачак, каб адпачыць;
- няма зручных спускаў да вады;
- тусавацца на набярэжную прыязджаюць (гараджанам гэта важна!), але на машынах, гэта робіць прастору небяспечнай;
- летам няма ценю;
- нявыкарыстаныя схілы. Там можна было б зрабіць тэрасныя спускі з лавачкамі, ландшафтныя кампазіцыі з раслін, летнія сцэны і шмат чаго яшчэ;
- няма грамадскіх прыбіральняў;
- не вылучаны веладарожкі;
- мог бы быць фудкорт, але яго няма;
- частка набярэжнай на вул. Рыбацкай наогул ніяк не ўладкована нават для людзей, што там жывуць — пабіты асфальт, ямы, пыл.
Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.
Праект быў - грошай не было
Праект добраўпарадкавання набярэжнай ад вусця Гараднічанкі да Новага моста даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», пісаў у лісце да Hrodna.life архітэктар Аляксандр Штэн у 2019 годзе. Адна з прычын, чаму ён не рэалізаваны — у бюджэте няма для гэтага грошай.
Чытайце таксама: Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана