Новы навучальны год пачалі з таго, што прыбралі старыя падручнікі і дапаможнікі з навучальных кабінетаў і школьных бібліятэк — з улікам зменаў у дзяржаўнай ідэалогіі. З класаў замежных моваў у школах прыбралі згадкі пра іншыя краіны. Гэта зрабілі на загад Лукашэнкі, патлумачыў міністр інфармацыі.
Абнавіць падручнікі ў Беларусі павінны да 2027 года, папярэджваў міністр адукацыі Андрэй Іванец у пачатку навучальнага года. «Такую амбіцыйную задачу мы перад сабой ставім для таго, каб усе навучальныя выданні, якія мы будзем перавыдаваць, былі максімальна набліжаны да таго ідэалу, які быў у савецкі час», — заявіў ён.
Але працэс пачалі ўжо цяпер, піша «Радыё Свабода». У школы прыходзяць дэлегацыі з чыноўнікаў, якія расказваюць, што і як трэба змяняць.
Падручнікі - у макулатуру
У адной са школ абласнога цэнтру пасля такой нечаканай праверкі з Міністэрства адукацыі ў шоку былі нават настаўнікі, якія падтрымліваюць уладу. Чыноўнікі загадалі вынесці ў падсобнае памяшканне і пасля здаць у макулятуру ўсе старыя падручнікі і дапаможнікі, расказала адна з настаўніц. Гэта тычылася не толькі падручнікаў па гісторыі, якія «пачысцілі» раней. Гэтым разам — і падручнікам замежных моваў.
«Наогул усе прадметы! І з кабінетаў, і з бібліятэкі», — абурылася настаўніца. «Ператрус» ладзілі нават у кабінетах настаўнікаў, якія на той момант адсутнічалі.
Сутнасць у тым, што сярод старых падручнікаў і дапаможнікаў, хрэстаматый было шмат добрых, якімі настаўнікі карысталіся дадаткова і давалі дзецям заданні адтуль. Але правяральнікі сказалі, што настаўнік больш не мае права прынесці і паказваць дзецям на ўроку стары падручнік па любым прадмеце. «Бо раптам там нейкія творы, якіх няма ў праграме».
Вынятыя старыя падручнікі перадаюць у макулатуру. Настаўніца мяркуе, што цікавасць да старых падручнікаў у чыноўнікаў узнікла пасля даручэння Лукашэнкі 18 жніўня.
Чытайце таксама: Замкі руйнаваць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі
Замежныя мовы «без паглыблення»
Паводле новых рашэнняў, трэба вывучаць замежную мову «без паглыблення ў асяродак». Не павінна быць ніякіх сцягоў, мапаў Вялікай Брытаніі, двухпавярховых аўтобусаў і ўсяго, што нагадвае Каралеўства, расказала настаўніца англійскай мовы ў адной з беларускіх школ. «Сказана вывучаць традыцыі, культуру Беларусі — але на англійскай мове!»
Таксама чыноўнікі загадалі на ўроках англійскай мовы карыстацца толькі беларускімі падручнікамі. Выкарыстанне ў навучальным працэсе падручнікаў і дапаможнікаў без грыфаў «Зацверджана Міністэрствам адукацыі» ці «дапушчана Міністэрствам адукацыі» катэгарычна забаронена, папярэджвалі настаўнікаў чыноўнікі.
Адна з настаўніц англійскай выкладае па беларускім падручніку, але штогод яна збірала грошы з бацькоў і замаўляла спецыялізаваныя выданні і сшыткі да іх у Брытаніі. Сёлета яна таксама загадзя заказала падручнікі і сшыткі. Дзеці займаюцца па іх, але цішком.
У гомельскай гімназіі кабінет французскай і саму гімназію «пачысцілі» ад усяго францускага, выяваў Эйфелевай вежы і нават успамінаў пра гэтую краіну, расказала маці адной з вучаніц. Гімназія носіць імя Блеза Паскаля і стаіць на вуліцы Клермон-Феран (французскі горад, пабрацімам Гомеля). Раней яна мела цесныя кантакты з Клермон-Феран. Цяпер усё супрацоўніцтва спынена.
Дазволены толькі падручнікі са спіса
Паводле рэкамендацый, якія перад новым навучальным годам выпусціла Міністэрства адукацыі, сёлета «ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца падручнікі, уключаныя ў „Пералік вучэбных выданняў, якія прыдатныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, зацверджаныя міністрам адукацыі“».
У 2023/2024 навучальным годзе мінадукацыі збіраецца рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял прадмету «Замежная мова» і фармаваць ў вучняў «пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці і павагі да гістарычнай мінуўшчыны».
Сёлета да новага навучальна года выдалі 24 падручнікі, яшчэ пяць збіраюцца выдаць да лістапада.
Летам беларускія і расійскія ўлады анансавалі сумесную працу над «правільнай» версіяй гісторыі. У дзвюх краінах плануюць стварыць агульную версію мінулага, праслаўляць агульных герояў і гістарычныя падзеі.
Чытайце таксама: «Адкаціліся на 30 гадоў назад». Што здарылася з польскамоўнай адукацыяй на Гродзеншчыне?