У аўтамабільнай аварыі загінуў гродзенскі ілюзіяніст і вядучы Кірыл Янкоўскі. Ён заснуў за рулём. Хлопца шпіталізавалі, але выратаваць яго не ўдалося.
Кірыл прапаноўваў “чароўнае шоу ў жанры камедыйнай магіі”. Пра сябе ён казаў: “ілюзіяніст, фокуснік, прыгажунчык, майстар ілюзій, абаяння, трукаў і не толькі”. “Шоу інтэрактыўнай магіі” або “Stand Up Magic Show” здзівіць гледачоў неверагоднымі трукамі, узрушаючым гумарам і імправізацыяй з залай”, — абяцаў ён.
Хлопец працаваў пераважна з картачнымі фокусамі. Удзельнічаў у міжнародным фестывалі “Magic show“.
Што здарылася?
Смяротнае ДТЗ здарылася раніцай 9 верасня на трасе М6. Янкоўскі ехаў на Volkswagen Touran і паблізу вёскі Балі Шчучынскага раёна заснуў за рулём і ўрэзаўся ў металічны адбойнік. З цяжкімі траўмамі яго шпіталізавалі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі. У 2022 годзе было як мінімум шэсць падобных аварый.
Гродзенцы ўспамінаюць пра яго ў сацыяльных сетках як пра таленавітага і добрага чалавека.
11 верасня хлопца пахавалі на могілках «Аульс».



