Тэрыторыю і будынкі першага ў Гродне мясакамбіната на Камунальнай прадалі на таргах 24 жніўня. На продаж былі выстаўлены 16 пабудоў. У выніку цану знізілі ўдвая.

На таргі з’явіўся адзін удзельнік. Ён атрымаў маёмасць і права арэнды зямлі на 50 гадоў за пачатковы кошт і дадаткова 5% ад яго – 570 150 рублёў ($180 тыс.). Новы гаспадар старой гродзенскай рэзні адмовіўся называць сваё імя, піша “Вечерний Гродно”.

Па ўмовах продажу трэба правесці рэканструкцыю нерухомасці і пабудаваць на гэтым месцы жылую сядзібную забудову гарадскога тыпу – таунхаусы і падобныя па архітэктуры дамы. Таксама дазволена пабудаваць асобныя аб’екты абслугоўвання – крамы, офісы, кабінеты з паслугамі. Увесці пабудовы ў эксплуатацыю трэба будзе не пазней, чым праз чатыры гады ад моманту падпісання дамовы куплі-продажы.

Участак з басейнам і вежай

Плошча ўчастка на вуліцы Камунальнай, за стадыёнам “Нёман” – 1,32 га. Самы стары будынак – склад 1912 года пабудовы, плошчай амаль 2,5 тыс. кв.м. Большасць жа пабудоў былі ўзведзены ўжо ў савецкі час. Ёсць вежа і басейн (тэхнічны вадаём) у 218 кв.м з бетонным дном. Некаторыя будынкі прадаваліся з дзейнымі дамовамі арэнды, максімальны тэрмін – да верасня 2025 года.

Участак з будынкамі спрабавалі прадаць з траўня 2019 года. У кастрычніку 2022 года за ўчастак хацелі 1 млн 479,9 тыс. рублёў (амаль $ 600 тыс). Спачатку пабудовы прапаноўвалі зносіць, пасля ўсё ж дазволілі рэканструяваць пад жыллё.

Гэтае месца адвялі пад сядзібную забудову паводле праекта дэтальнага планавання цэнтра Гродна і Генеральнага плану развіцця да 2030 года. Па плане, таунхаусы на Камунальнай павінны пабудаваць да 2025 года.

Першы мясакамбінат і помнік прамысловай архітэктуры

На пачатку ХХ стагоддзя тут была гарадская рэзня — мясакамбінат. З яе пачалася гісторыя прамысловай перапрацоўкі мяса ў Гродне. Савецкая ўлада рэзню нацыяналізавала – так з’явіўся гродзенскі мясакамбінат. На гэтым месцы ён быў да 1970-х гг., пакуль не пачаў працаваць сучасны мясакамбінат. Цяпер ніводны з будынкаў разні не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, хаця фактычна яны з’яўляюцца помнікамі прамысловай архітэктуры.