Прарасійскія актывісты Нацыянальнага вызваленчага руху (Национально-освободительное движение, НОД) 25 жніўня правялі ў Гродне пікет. Побач з Вечным агнём у парку Жылібера актывісты патрабавалі ўваходу Беларусі ў склад Расіі.
Чатыры актывісты з савецкім сцягам, сцягам НОД у колерах георгіеўскай стужкі і перагорнутым чырвона-зялёным сцягам мітынгавалі побач з помнікам партызанам у парку Жылібера. Яны патрабавалі аднаўлення СССР, а пазней і Расійскай імперыі, не падзеленай на асобныя рэспублікі. Яны лічаць, што беларускія вобласці павінны быць губерніямі Расіі.
«Радзіма! Свабода! Пуцін!»
Прадстаўнікі НОД лічаць, што па факце распаду Савецкага саюза трэба ўзбудзіць крымінальную справу.
«Мы стаім на цвёрдым ідэалагічным шляху. Гэта адзіная айчына, гэта адзіная тэрыторыя. Потым, калі мы пераможам, ужо не будзе рэспублік, гэта будзе адна тэрыторыя», — сказаў адзін з актывістаў. «Радзіма! Свабода! Пуцін!» — дадаў ён. На кепцы актывіста была нашыўка з літарай «Z», якая стала ў Расіі сімвалам уварвання на тэрыторыю Украіны ў лютым 2022 года.
Супрацоўнікі гродзенскай міліцыі ніяк не адрэагавалі на мітынг, дзе актывісты выступалі супраць беларускай незалежнасці. Між іншым заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі - парушэнне артыкула 361 Крымінальнага кодэкса. За гэта пагражае да шасці гадоў абмежавання свабоды.
Што такое НОД
НОД — расійская нацыяналістычная арганізацыя. Яе ўдзельнікі патрабуюць адраджэння Расіі у межах СССР 1945 года. Прыхільнікі НОД вераць у змову супраць Расіі і ў тое, што былыя савецкія рэспублікі пасля 1991 года сталі калоніямі ЗША і сусветнай алігархіі. Палітыкаў, якія падпісалі дамову аб скасаванні СССР — Шушкевіча, Ельцына, Краўчука — яны лічаць здраднікамі, як і апошняга кіраўніка Саюза Гарбачова.
НОДаўская прапаганда актывізавалася ў Гродне восенню 2020 года пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. У 2021 годзе прадстаўнікі НОД пікетавалі польскае консульства ў Гродне.
Чытайце таксама: У Гродне будуць паказваць прапагандысцкае і Z-кіно. Кошт — 50 капеек