Навіны

Літаратары-экстрэмісты, масавыя затрыманні ў Бярозаўцы і зоркія амапаўцы. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Кнігі Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай з серыі «Беларускі кнігазбор» трапілі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ідуць затрыманні — на іх адрэагавалі прапагандысты. Амапаўцы пры патруляванні ўбачылі ў аўтамабілі БЧБ-сцяжок — уладальніка машыны арыштавалі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 14 па 20 жніўня.

Палітвязень Андрэй Сачэўка на два месяцы адпраўлены ў «адзіночку»

Як стала вядома MAYDAY TEAM, палітвязня Андрэя Сачэўку адправілі ў памяшканне камернага тыпу на два месяцы прыкладна ў пачатку жніўня. Да гэтага Сачэўку пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму заявілі, што яго адправяць у памяшканне камернага тыпу за «няправільныя погляды».

Палітвязень з Гродна Андрэй Сачэўка 19 чэрвеня трапіў у штрафны ізалятар у бабруйскай ПК-2 за тое, што адмовіўся выносіць смецце (такім чынам адміністрацыя калоніі спрабавала «панізіць статус» палітвязня).

Калі 10-дзённы тэрмін знаходжання ў ШІЗА падыходзіў да канца, Сачэўку накінулі яшчэ адно дысцыплінарнае спагнанне — за тое, што ляжаў у ізалятары на падлозе.

За каментары з заклікам удзельнічаць у акцыях пратэсту гродзенцу прысудзілі пяць гадоў калоніі

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынесены прысуд 30-гадоваму Вячаславу Янюку, абвінавачанаму ў масавых беспарадках па ч.1 арт. 293 КК. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч асудзіла яго на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гродзенскі абласны суд 8 жніўня выключыў з апісальнай часткі ўказанне аб падрыхтоўцы абвінавачанага да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, пакінуўшы пры гэтым ранейшы тэрмін пакарання, паведамляе «Вясна».

Абвінавачванне сцвярджае, што Вячаслаў Янюк у 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у Telegram-каналах «Іхтыяндры Гродна», «Гордыя гродзенцы», «Гародня 97%», «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» «агульнадаступныя паведамленні, якія змяшчалі выказванні пабуджальнага характару і заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, тым самым… стварыў умовы для здзяйснення злачынства іншымі асобамі, жадаючы наступлення негатыўных наступстваў, не прымаў мер да выдалення вышэйзгаданых публікацый з чатаў, пры гэтым не давёў свой злачынны намер да канца, паколькі яго незаконная дзейнасць была спыненая супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

Суду Янюк растлумачыў, што, сапраўды, неаднаразова размяшчаў свае каментары з заклікам выходзіць для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Паказаў, што каментары размешчаныя менавіта ім, аднак яны не маюць дачынення да арганізацыі масавых беспарадкаў, прызыву іншых грамадзян да супрацьпраўных дзеянняў: некаторыя з каментароў пакінутыя ім на эмоцыях.

Аляксандр Рукойць са Смаргоні прызнаны палітвязнем

Ён асуджаны паводле арт. 361−1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч.1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) да трох гадоў калоніі, паведамляе «Вясна».

Аляксандр Рукойць. Фота: dissidentby.com

У Бярозаўцы затрымалі дзевяць чалавек

З мінулага тыдня ў Бярозаўцы Лідскага раёна ідуць затрыманні. Паводле звестак брата Вітольда Ашурка Андрэя, затрымалі ўжо дзевяць чалавек. З іх трое — супрацоўнікі мясцовага шклозавода «Нёман», піша «Свабода» са спасылкай на BPN.

Як сказаў Андрэй Ашурак, ідэолагам на завод прызначылі былога супрацоўніка КДБ, і ён цікавіцца асабістымі справамі работнікаў прадпрыемства. Пакуль вядомыя не ўсе імёны і не ўсе падставы затрыманняў.

Пазней стала вядома, што на заводзе затрыманыя 10 чалавек. Ім даюць адміністрацыйны арышт і адпраўляюць працаваць на сметнік у Сцеркава. Са слоў Telegram-канала «Задержания, суды в Лиде», мужчыны пачалі абурацца, што іх не адпускаюць у адпачынкі. Таму іх сталі затрымліваць.

У адным з Telegram-каналаў з’явіліся каментары, якія нібыта пісалі затрыманыя ў Бярозаўцы.

  • «Отлавливать ментовских жен и детей! Насиловать, а потом убивать…»,
  • «Жечь и расстреливать мусаров тварей нещадно!»,
  • «Гореть в огне будут всей бандой, а я буду туда подливать бензин…».

Гэта значыць, што, верагодна, у дачыненні да некаторых з іх распачалі крымінальныя справы за каментары.

Таксама яны абверглі нізкія заробкі на прадпрыемстве. Па словах прапагандыстаў, у траўні налічэнне выдзімальнікам вырабаў з крышталя складала ад 1 610 да 1 915 руб., у цэху бясколернага шкла — ад 1 610 да 2 088 руб. Аздабляльнікам крыштальных вырабаў налічвалася амаль 1 900 руб., у цэху бясколернага шкла — да 2 000 руб.

1,5 года за абразу супрацоўніка міліцыі

26 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна вынеслі прысуд Мягкову Андрэю Аляксандравічу за каментар у чаце «Каратели Беларуси». Суддзя Руслан Гурын прызнаў Андрэя вінаватым і асудзіў да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Суд расцаніў каментар «то ни рожа, то парася», пакінуты пад публікацыяй пра супрацоўніка ГУБАЗіК Юрыя Скока, абразлівым і акрамя пакарання, прызначыў штраф — 3 700 рублёў і маральную кампенсацыю пацярпеламу — 2000 рублёў, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Скрыншот Hrodna.life Слесар з Ваўкавыска. Скрыншот Hrodna.life

Затрыманне ў Ваўкавыску

Слесара аднаго з дзяржпрадпрыемстваў затрымалі ў Ваўкавыску за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.

Літаратары-экстрэмісты

Кнігі Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай з серыі «Беларускі кнігазбор» трапілі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Так вырашыў суд Цэнтральнага раёна Мінска 15 жніўня 2023 года.

Найбліжэйшыя шэсць месяцаў Анджэй Пачобут правядзе ў памяшканні камернага тыпу

Пра гэта ў Facebook распавяла ягоная жонка Аксана Пачобут. Пакаранне прызначылі за адмову ад працы, якую нельга выканаць. Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа ўтрымліваюцца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск быў 190/140.

«Але на наступны дзень прыйшоў больш дасведчаны медык-урач-тэрапеўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер пры вымярэнні ціску Анджэю не паказваюць намераныя лічбы», — напісала Аксана.

Палітвязня Анджэя Пачобута ўзнагародзяць медалём місіі Яна Карскага. Таварыства Яна Карскага такім чынам выказвае салідарнасць са зняволеным журналістам. Пастанова аб узнагароджанні стала рэакцыяй на той ціск, які адчувае Анджэй Пачобут у наваполацкай калоніі, паведамляе «Белсат».

Медаль місіі Яна Карскага і грамату плануецца перадаць сям'і Анджэя Пачобута.

Медаль быў заснаваны ў гонар выдатнага польскага дзеяча, удзельніка руху супраціву Яна Карскага. Падчас Другой сусветнай вайны Карскі на акупаванай тэрыторыі дакументаваў факты масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва гітлераўскім рэжымам. За сваю дзейнасць, накіраваную на раскрыццё праўды пра Халакост, ён быў адзначаны званнем праведнік народаў свету.

Яшчэ адна экстрэмісцкая інфармацыя

Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Менск: вайна прыйшла разам з акупантамi — Пара! Пара!» прызнаная экстрэмісцкай. Так вырашыў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 15 жніўня.

Гродзенца асудзілі за БЧБ-сцяжок у аўтамабілі. Яго заўважыла міліцыя падчас патрулявання

16 жніўня амапаўцы заўважылі на Вішняўцы аўтамабіль «Фальксваген Пасат». На люстэрку задняга выгляду віселі БЧБ-сцяжкі. За аўтамабілем прасачылі і затрымалі 45-гадовага кіроўцу, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

У яго ўжо ёсць «адміністратыўка» за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Па гэтым жа артыкуле яго асудзілі зноў 18 жніўня — на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

У яго тэлефоне знайшлі падпіску на экстрэмісцкія рэсурсы.

БЧБ-сцяжок у аўтамабілі. Фота: гродзенская міліцыя

Журналіст Павел Мажэйка падаў апеляцыйную скаргу на свой прысуд

Вярхоўны суд павінен вырашыць, ці правамерна журналісту прысудзілі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На сёння Паўла Мажэйку ўтрымліваюць у следчым ізалятары пры гродзенскай турме № 1, паведамляе БАЖ.

Паўла і былога адваката Юлію Юргілевіч асудзілі па ч. 2 арт. 361−4 КК за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове. Іх абвінавацілі ў перадачы дадзеных тэлеканалу «Белсат» у лютым-сакавіку 2022 года, што расцанілі як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». 3 лістапада 2021 года беларускія ўлады прызналі тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Тэрміны былі прысуджаны на падставе двух званкоў па тэлефоне.

Павел Мажэйка ў Гродзенскім абласным судзе. Фота: БелТА

За каментары ў «ЧКБ» жыхара Скідзеля, які вярнуўся з Польшчы, асудзілі да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Гродзенскі абласны суд 9 жніўня вынес прысуд слесару-сантэхніку са Скідзеля Міхаілу Мекеку, якога абвінавацілі па шэрагу пратэстных артыкулаў:

  • распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК),
  • арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК),
  • гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы (ч. 2 арт. 366 КК),
  • паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт. 367 КК).

Яго судзілі за паведамленні, відэазапісы і публікацыі ў Telegram-каналах, паведамляе «Вясна». Судовы працэс пачаўся 24 ліпеня, суддзя Віктар Сянько.

30-гадовы Міхаіл Мекека жыў і працаваў у Польшчы паўтара года і вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы ў канцы лістапада 2022 года. Паводле версіі сілавікоў, менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён нібыта пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.

Міхаіл Мекеко. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Лагута Аляксандр Мікалаевіч са Слоніма, Ключнікава Вольга Валер’еўна і Янюк Вячаслаў Аляксеевіч з Гродна 18 жніўня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Новыя «тэрарысты»

Рукойць Аляксандр Іванавіч і Крупіца Аляксандр Канстанцінавіч з Гродзенскай вобласці 17 жніўня папоўнілі спіс «тэрарыстаў».

У Гродне запрацавала крама, дзе прадаюць арыштаваныя рэчы

У новай краме на Дзяржынскага, 31 прадаюць рэчы, якія раней належалі арганізацыям і прыватным асобам. Увесь тавар на паліцах — арыштаваная судовымі выканаўцамі маёмасць. Крама належыць «Белюразабеспячэнне». Гэта прадпрыемства было спецыяльна створана Міністэрствам юстыцыі, каб ацэньваць і прадаваць рэчы, арыштаваныя органамі прымусовага выканання.

У краме арыштаванай маёмасці. Скрыншот рэпартажу «Гродна Плюс»

У Дзятлаве не хапае лекараў: на аперацыі прывозяць зняволеных медыкаў з калоніі

З-за недахопу медыкаў у цэнтральнай раённай бальніцы ў Дзятлаве аперацыі робяць асуджаныя па «справе лекараў». У Гезгалах, 16 км ад Дзятлава, размяшчаецца калонія-пасялення. Там адбываюць пакаранне зняволеныя па «справе лекараў», якіх асудзілі ў 2018 годзе. Тады затрымалі больш за 37 чалавек, а ў справе было больш за 60 фігурантаў. Сярод затрыманых былі галоўныя лекары беларускіх больніц, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, а таксама былы старшыня камітэта па ахове здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак.

У Conte з’явілася рэклама з Аляксандрай Борціч… і хутка знікла. Што адбылося?

У Instagram вырабніка адзення Conte акторка Саша Борціч, чыё дзяцінства прайшло ў Гродне, рэкламавала джынсы брэнда. Допіс з’явіўся 16 жніўня, а праз суткі знік. Яго атакавалі прапагандысты. Пост пратрымаўся менш, чым суткі. У акаўнце Борціч інфармацыі пра супрацоўніцтва таксама няма.

Instagram Conte. Скрыншот: «Наша Ніва»

Ксяндза са Шчучыншчыны адправілі ў ізалятар за рэпосты

Ксяндза Антонія Адамовіча асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён — пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Мужчыну пакаралі паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Ён правядзе некалькі дзён у ізалятары.

Антоній Адамавіч. Фота: «Хрысціянская візія»

Гродзенская міліцыя: кожны дзень кагосьці прыцягваем да адказнасці за 2020 год

«Кожны дзень мне на стол кладзецца зводка, у якой — не было такога дня, каб мы кагосьці не прыцягвалі <за падзеі 2020 года>. Па-ранейшаму распачынаюцца крымінальныя справы адносна экстрэмісцкай дзейнасці. Пастаянна мы затрымліваем людзей, якія не хочуць супакоіцца і спрабуюць нейкія сумятні ўносіць», — заявіў у інтэрв'ю «Гродна Плюс» кіраўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў.

Улады разагналі каталіцкі скаўцкі летнік пад Навагрудкам. На яго данеслі

Паведамленне пра скаўцкі лагер пад Навагрудкам з’явілася ў мясцовым прапагандысцкім пабліку 14 жніўня. Ужо на наступны дзень лагер быў згорнуты. «Под Новогрудком подростки разбили лагерь. Мнения в редакции разделились: кто-то думает — будут чернику заготавливать и лес чистить, кто-то говорит марьванну курить. Группа интересная, поэтому решили понаблюдать, чтоб лес не спалили. На предстоящей неделе в Беларуси +30», — напісалі прапагандысты.

У скаўцкім лагеры. Фота: канал «НовогрудокНашГород»

Да збораў ваеннаабавязаных падключаць КДБ, а самі зборы стануць часцей

У Беларусі змянілі парадак праходжання вайсковых і спецыяльных збораў. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым партале 15 жніўня. У новым дакуменце ўдвая павялічылі тэрміны праверачных збораў. Да фармавання спісаў кандыдатаў на зборы падключаецца КДБ. Пастанова набыла моц у дзень публікацыі.

Бондарава хоча закрыць сядзібу «Літоўка»: яна знайшла там парнаграфію, разбэшчванне і скажэнне Бібліі

Вольга Бондарава напісала пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву з просьбай закрыць сядзібу «Літоўка» ў Навагрудскім раёне. А яшчэ — ацаніць яе дзейнасць па законе і прыцягнуць «вінаватых» да адказнасці. Яна абвінаваціла ўладальнікаў сядзібы па некалькіх артыкулах, заявіла, што яны падманваюць улады і дрэнна ўплываюць на дзяцей. Дасталася і «ЛГБТ-карцінам», і партрэтам прэзідэнта «ў барвова-сінюшным танах».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Матацыкліст усё ж зачапіў нацягнуты ў Пышках дрот — пасткі з’явіліся ў двух новых месцах

Нацягнуты паміж дрэвамі дрот, які знайшлі ў Пышках гродзенскія матацыклісты, апынуўся не адзінай небяспечнай пасткай…

25 лістапада 2024

TikTok: дыскабар з «гарлапанячай музыкай» на Савецкай папсаваў «вайб Гродна»

На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…

24 лістапада 2024

У Гродне робяць сувенірную карту для турыстаў. Толькі на рускай мове

"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…

23 лістапада 2024

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024