У бліжэйшы час могуць закрыць два пункты пропуску на мяжы з Літвой: Лоша — Шумскас у Гродзенскай вобласці і Відзы — Тверачус у Віцебскай. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.

UPD 11.08. КПП плануюць закрыць з 18 жніўня, піша BNS са спасылкай на саветніка міністра транспарту Габрыэле Васіляўскайтэ. Канчатковае рашэнне па даце прымуць міністры на паседжанні ўрада 16 жніўня. У падрыхтаваным міністэрствам транспарту праекце пастановы ўрада да гэтага часу прапісана 15 жніўня. Раней пра гэтую дату паведамляла Delfi. «Закрыццё гэтых КПП не акажа вельмі вялікага ўплыву на рух грузавога транспарту, бо праз названыя пагранпункты праязджае або пусты грузавы транспарт, або грамадзяне», — лічыць кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас.

Транспартны паток перанакіруюць на памежны кантрольна-прапускны пункт Мядзінінінкай (Каменны Лог з беларускага боку), які завяршае рэканструкцыю, з’яўляецца найбуйнейшым і тэхнічна абсталяваным. У гэтым пункце ёсць сістэма рэнтгенаўскага кантролю, у той час у Тверачус і Шумскас яе няма.

Памежны пункт пропуска "Лоша"
Памежны пункт пропуска «Лоша». Крыніца: ostrovets.by

«У найбліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб закрыцці двух пагранічных кантрольна-прапускных пунктаў. Калі сёння ў Польшчы практычна ёсць адзін кантрольна-прапускны пункт, то ў нас іх шэсць. Гэта адна з прафілактычных мер — скарачэнне з шасці кантрольна-прапускных пунктаў да чатырох», — сказаў Абрамавічус.

Мяжу закрываюць з-за пагрозаў

«Калі мы памяншаем колькасць інцыдэнтаў, якія адбываюцца, то адначасова памяншаем і пагрозы», — сказаў намеснік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Саўлюс Некрашавічус. Ён лічыць, што закрыццё памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю знізіць рызыку сутыкнення з пагрозамі.

Чытайце таксама: Украінскія крыніцы: пад Гродна прыбылі каля 100 вагнераўцаў, каб ладзіць правакацыі на межах з Польшчай і Літвой

Пра якія пагрозы кажуць у Літве

Пра магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю дзеля бяспекі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўсёда сказаў 3 жніўня 2023 года. Прычына — знаходжанне ў Беларусі больш за 4 тыс. байцоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».