Спецыялісты прадпрыемства «Белводшлях» пачалі ачыстку дна Нёмана ў межах горада. У планах — навесці парадак на адлегласці каля кіламетра і падрыхтаваць фарватар для бяспечнага праходжання цяжкай тэхнікі па рацэ. Гэта патрэбна, каб пазней правесці такія ж работы ў цэнтры Гродна.

У канцы ліпеня дно ракі ачышчалі ў ваколіцах пляжа ў лесапарку Ласосна, паведаміў тэлеканал «Гродна». У першы тыдзень жніўня працы працягнуцца бліжэй Новага моста на Паповіча — там з дна ракі трэба будзе падняць будаўнічае смецце, камяні і іншыя прадметы, якія маглі трапіць у ваду ў час рэканструкцыі моста. У верасні запланавана ачыстка вусця Гараднічанкі - там зараз ідзе рамонт старога моста па вуліцы Рыбацкай. Ачысцяць і тэрыторыю вакол цэнтральнага пляжа. На пляжы таксама скосяць водную расліннасць.

У Гродне другі год абмежавана суднаходства па Нёмане з-за экстрэмальна нізкага ўзроўню вады. Цеплаход «Вольга Соламава», які дзесяцігоддзямі катаў гродзенцаў па рацэ летам, быў вымушаны перабрацца на Аўгустоўскі канал.

Глядзіце таксама: Каля «Прывала» вырашылі зрабіць пераправу праз Нёман на базе баржы. Раней планавалі мост