Гандлёвая сетка “Еўраопт” прыбрала рэкламу з выявай блогера Дзім Дзімыча з сайта школьных тавараў. Гэтага дамаглася гродзенская праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая абвінаваціла блогера ў схаванай “прапагандзе ЛГБТ”.

Бондарава дамаглася, каб “Еўраопт” змяніў сваю рэкламу. Але на гэтым яна не спыняецца (абноўлена)
Рэклама з Дзім Дзімычам, якую прыбралі з сайта “Еўраопта”. Скрыншот news.zerkalo.io

Што адбылося?

Вольга Бондарава склала калектыўны зварот да адміністрацыі “Еўраопта” ад імя «грамадзян Беларусі, якія вызнаюць традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці». Яе абурыла рэклама бонсцікаў і тавараў для школы з «персанажам пад псеўданімам Дзім Дзімыч, які займаецца прапагандай ЛГБТ»

Хто такі Дзім Дзімыч

Дзім Дзімыч — беларускі блогер. У яго Tik Tok — амаль 2 млн падпісчыкаў, на YouTube-канале — 4,5 млн. Яго аўдыторыя — пераважна школьнікі-падлеткі. Прапаганду ЛГБТ Бондарава знайшла ў яго роліках, дзе ён апрануты ў адзенне ружовага колеру, а таксама ў яго жартоўных фота ў сукенцы. Пры гэтым згаданы блогер выступае на праўладных канцэртах і хваліць БРСМ.

«Вычварэнец — гэта заўсёды змагар, бо выступае супраць дзяржавы, зацікаўленай у традыцыйных сем’ях», — піша Бондарава ў калектыўным звароце. Яна прыходзіць да высновы, што такім спосабам «Еўраопт» «загадзя, да выбараў 2025 г., ужо заняўся падрыхтоўкай пратэстнага электарату».

Рэклама знікла не толькі з сайта

Рэкламу з Дзім Дзімычам прыбралі не толькі з сайта, але і з канала “Еўраопт” у TikTok. Гандлёвая сетка пакуль не пракаментавала знікненне рэкламы з блогерам. 

Бондарава звярнулася да старшыні Савета дырэктароў і генеральнага дырэктара “Еўрагандаль”, якому належаць “Еўраопты”, з патрабаваннем “не спыняцца на дасягнутым і ачысціць” ад Дзім Дзімыча яшчэ рэкламу бонсцікаў. 

Таксама Бондарава паабяцала разабрацца з тымі, хто запрасіў Дзім Дзімыча выступіць на “Славянскім базары” ў Віцебску. 

Чытайце таксама: Бондарава хоча сцерці памяць пра Каліноўскі і Касцюшку і ваюе з «Еўраоптам»

UPD 1 жніўня. Фірма прыняла рашэнне прыпыніць размяшчэнне рэкламнай інфармацыі з выявай блогера Дзмітрыя Сіўчыка. Акрамя рэкламы, якую немагчыма неадкладна прыпыніць – напрыклад, улёткі.

“Сапраўдным паведамляем, што ТАА “Еўрагандаль” няўхільна выконвае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў галіне рэкламы і культуры. Кіраўніцтва ТАА “Еўрагандаль” падзяляе агульнапрынятыя ў Рэспубліцы Беларусь культурна-маральныя каштоўнасці беларускага народа. ТАА “Еўрагандаль” з’яўляецца сацыяльна-арыентаванай арганізацыяй рознічнага гандлю, асноўнай задачай якой з’яўляецца задавальненне попыту насельніцтва на спажывецкія тавары”, — напісалі ў адказе.

Таксама ў адказе адзначылі, што арганізацыя не пераследуе «ніякіх чужых беларускаму народу палітычных мэтаў. Адпаведна, меркаванне аб пратэстным электараце, выказанае ў звароце, з’яўляецца памылковым”.