Палацава-паркавы комплекс “Вялікі Свяцк Валовічаў”, што па дарозе з Гродна на Аўгустоўскі канал, пачаў прымаць гасцей. Ён адкрыты ў пятніцу, суботу і нядзелю. З панядзелка па чацвер патрапіць можна толькі па папярэднім запыце, паведамілі на старонцы палаца ў Instagram.

Як працуе палац у Свяцку
Уваход на тэрыторыю комплекса платны:
- дарослыя – пяць рублёў,
- дзеці ад 7 да 14 гадоў – два рублі.
Комплекс, у тым ліку рэстаран “Свяцкі бровар”, працуе:
- з пятніцы па нядзелю – з 12:00 да 22:00,
- з панядзелка па чацвер – па папярэднім запыце па тэлефоне +375292841023 (званіць з 9:00 да 17:00).
Што можна пакаштаваць у бровары
У рэстаране беларускай кухні “Свяцкі бровар” можна паесці (у меню ёсць закускі, салаты і гарачыя стравы), выпіць кавы ці гарбаты, а таксама пакаштаваць чатыры гатункі крафтавага піва “Свяцкае” мясцовай вытворчасці.
Гатункі піва маюць назвы, звязаныя з гісторыяй Свяцка і ваколіц:
- светлае назвалі “Валовіцкім” – у гонар роду Валовічаў,
- паўцёмнае – “Маэстра Джузэпэ” – у гонар архітэктара Джузэпэ Сака, які стварыў праект палаца,
- пшанічнае – “Тэалінскае” – у гонар колішняга мястэчка Тэалін (сёння ў межах Сапоцкіна), закладзенага Антоніем і Тэафіліяй Валовічамі.
Фота часткі меню размясціла ў сторыз свайго Instagram адна з гродзенскіх блогерак.

“Усё ок, акрамя музыкі”
Паводле блогеркі, у бровары грала музыка ад выканаўцаў кшталту Хабіба, Джыгана, Zivert і падобных. “Усё было ок, акрамя музыкі. Чаму б у такім аўтэнтычным месцы не ўключыць нешта больш нейтральнае?” – напісала наведніца комплекса.
Пры гэтым наведваннем Свяцка яна засталася задаволеная. Асабліва тым, што пакуль там няма натоўпаў турыстаў і можна спакойна пашпацыраваць.
Глядзіце таксама: Як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час
Палац адкрылі не адразу
Палацава-паркавы комплекс у Свяцку афіцыйна адкрылі пасля рэканструкцыі ў траўні 2023 года. Але наведвальнікаў туды не пускалі. Прычына – не вырашаныя пытанні з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала.

Зараз у палац таксама яшчэ не пускаюць – толькі на тэрыторыю і ў рэстаран. Капліца, што знаходзіцца на тэрыторыі палацава-паркавага ансамблю, таксама на рэстаўрацыі.


