Палацава-паркавы комплекс «Вялікі Свяцк Валовічаў», што па дарозе з Гродна на Аўгустоўскі канал, пачаў прымаць гасцей. Ён адкрыты ў пятніцу, суботу і нядзелю. З панядзелка па чацвер патрапіць можна толькі па папярэднім запыце, паведамілі на старонцы палаца ў Instagram.

Як працуе палац у Свяцку
Уваход на тэрыторыю комплекса платны:
- дарослыя — пяць рублёў,
- дзеці ад 7 да 14 гадоў - два рублі.
Комплекс, у тым ліку рэстаран «Свяцкі бровар», працуе:
- з пятніцы па нядзелю — з 12:00 да 22:00,
- з панядзелка па чацвер — па папярэднім запыце па тэлефоне +375 292 841 023 (званіць з 9:00 да 17:00).
Што можна пакаштаваць у бровары
У рэстаране беларускай кухні «Свяцкі бровар» можна паесці (у меню ёсць закускі, салаты і гарачыя стравы), выпіць кавы ці гарбаты, а таксама пакаштаваць чатыры гатункі крафтавага піва «Свяцкае» мясцовай вытворчасці.
Гатункі піва маюць назвы, звязаныя з гісторыяй Свяцка і ваколіц:
- светлае назвалі «Валовіцкім» — у гонар роду Валовічаў,
- паўцёмнае — «Маэстра Джузэпэ» — у гонар архітэктара Джузэпэ Сака, які стварыў праект палаца,
- пшанічнае — «Тэалінскае» — у гонар колішняга мястэчка Тэалін (сёння ў межах Сапоцкіна), закладзенага Антоніем і Тэафіліяй Валовічамі.
Фота часткі меню размясціла ў сторыз свайго Instagram адна з гродзенскіх блогерак.

«Усё ок, акрамя музыкі»
Паводле блогеркі, у бровары грала музыка ад выканаўцаў кшталту Хабіба, Джыгана, Zivert і падобных. «Усё было ок, акрамя музыкі. Чаму б у такім аўтэнтычным месцы не ўключыць нешта больш нейтральнае?» — напісала наведніца комплекса.
Пры гэтым наведваннем Свяцка яна засталася задаволеная. Асабліва тым, што пакуль там няма натоўпаў турыстаў і можна спакойна пашпацыраваць.
Глядзіце таксама: Як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час
Палац адкрылі не адразу
Палацава-паркавы комплекс у Свяцку афіцыйна адкрылі пасля рэканструкцыі ў траўні 2023 года. Але наведвальнікаў туды не пускалі. Прычына — не вырашаныя пытанні з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала.

Зараз у палац таксама яшчэ не пускаюць — толькі на тэрыторыю і ў рэстаран. Капліца, што знаходзіцца на тэрыторыі палацава-паркавага ансамблю, таксама на рэстаўрацыі.