Аліна зняла і выклала ў інтэрнэт ролік аб праблемах размеркавання і жыцці маладога спецыяліста. Ёй адказалі ў афіцыйным Telegram-канале і на сайце «Гродзенскай праўды». У Telegram-канале заявілі, што моладзь «разбэсціла ўсёдазволенасць 2020 года», а дзяўчыну абвінавацілі ў паклёпе і прыдуркаватасці.
Мяркуючы па тым, што дзяўчыну назвалі «перажаванай 2020 годам «акулай пяра», яна адпрацоўвала размеркаванне ў адным з дзяржаўных медыя. Аліна ў сваім адказе згадвае «Тамару Леанідаўну». Тамара Леанідаўна Рудак — галоўны рэдактар «Перспективы».
Па словах Telegram-канала, дзяўчына парушыла прынцыпы журналістыкі - праўдзівасць і аб’ектыўнасць.
«А ўжо нахабна хлусіць пра заработную плату маладых спецыялістаў, маючы на руках суму ўтрая большую, чым названая (фота прыкладаецца), гэта ўжо зусім не камільфо, ці ведаеце. < … > А вось тут, магчыма, вабяць замежныя псеўдаблагі, якімі гатовыя падзяліцца з вельмі таварыскай журналісткай псеўдасябры «з усяго свету», — напісалі ў Telegram-канале. Там жа выклалі разліковы рахунак з заробкам у 1190 рублёў або $ 392.
У Telegram-канале сцвярджаюць, што дзяўчына панясе адказнасць па законе.
Што кажа дзяўчына?
«Вельмі карэктна прыводзіць разліковы рахунак за чэрвень 2023, калі ў відэа я кажу пра жнівень 2021 года. Спадзяюся, вы зможаце задаць Тамары Леанідаўне пытанне, чаму ў мяне за чэрвень было два выходных дня, і бОльшую частку месяца я працавала адна за дваіх, акрамя таго, вярстала праграму тэлеперадач і пісала матэрыялы. І як гэта можа не парушаць Працоўны кодэкс РБ, асабліва ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. Веру ў вас!» — напісала карыстальніца ў каментарах да паста.
Мы знайшлі старонку дзяўчыны ў TikTok. Мяркуючы па ўсім, яна родам з Баранавіч і вучылася ў Мінску. На старонцы ўжо няма відэа аб размеркаванні. Яна скончыла універсітэт у 2021 годзе. Дзяўчыне выдалілі шчытападобную залозу — у яе інваліднасць III групы і дапамога памерам 317 рублёў. У адказах на каментары дзяўчына распавяла, што яе пасада — адміністратар інтэрнэт-рэсурсу ў дзяржгазеце.
Чытайце таксама: У Беларусі пачнуць размяркоўваць таксама тых, хто плаціў за вучобу