Новы гандлёвы цэнтр можа з’явіцца на Будзёнага. Двухпавярховы цагляны будынак перад польскім консульствам выставілі на таргі. Сярод умоў аўкцыёна — забарона на неабгрунтаванае змяненне характару архітэктуры фасада.
Па дакументах будынак на Будзёнага, 52 узведзены ў 1900 г. у стылі прымітыўнай эклектыкі. Дэкаратыўнае афармленне моцна пацярпела пры капітальным рамонце (паводле даведніка «Біяграфія гарадзенскіх вуліц»). Шмат гадоў будынак пуставаў, піша Urban Hrodna.
Агульная плошча будынка — 359,5 кв. м. Ёсць падвал, драўляная прыбудова 1965 года пабудовы, асфальтаваная пляцоўка 102,0 кв.м, праведзена цепласетка, каналізацыя, вадаправод.
Будынак можна рэканструяваць пад аб’ект гандлёва-абслуговага прызначэння. Будынак знаходзіцца ў водаахоўнай зоне і ў зоне аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Зямельны ўчастак пад забудовай плошчай 0,0531 га можна будзе арандаваць на 50 гадоў.
Пачатковы кошт — 151 048 руб. (амаль $ 50 тыс.). Прадавец — УЖРЭП Ленінскага раёна. Аукцыён пройдзе 25 жніўня.
Некалькі гадоў таму дом выкупіў прыватны інвестар. Ён збіраўся адкрыць тут кафэ. Будаўнічыя работы не пачаліся.
Чытайце таксама: Проект реконструкции общежития «Гродноэнерго» на Буденного изменили: аутентичные стены сохранят