За шэсць месяцаў 2023 года гродзенцы менш звярталіся па медыцынскую дапамогу з-за прысмоктвання іксодавых кляшчоў, чым за той жа час летась. Да ўрачоў звярнуліся 1549 жыхароў Гродна і Гродзенскага раёна — на 13,3% менш, чым у 2022 (1784 чалавек).
З іх 357 чалавек кляшчы ўкусілі ў гарадскіх лясах, 93 чалавекі - у прыватным сектары, на дачах у горадзе і на землях, адведзеных пад будаўніцтва. Усяго 8 чалавек месцам прысмоктвання кляшчоў назвалі зоны адпачынку Гродна, падзяліліся спецыялісты Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Большасць тых, хто звярнуўся, пацярпелі ад кляшчоў на тэрыторыі Гродзенскага раёна — 764 чалавекі (49,3%). З іх больш за ўсё — 495 чалавек — пакусалі на дачах, у лясах — 201 чалавек, на прыватных падворках — 68. Пацярпелі за межамі абласнога цэнтра (на тэрыторыях лясных масіваў, дачных участкаў, прыватных домаўладанняў, іншых раёнаў і абласцей, дзяржаў) 327 чалавек (21,1%).
Захворваюць тыя, хто не зрабіў прафілактыку
Ніхто з пацыентаў, якія захварэлі на хваробу Лайма (лайм-барэліёз), не звяртаўся па медыцынскую дапамогу своечасова і не атрымліваў прафілактычнае лячэнне пасля ўкусу кляшча. Клешчавы энцэфаліт фіксуюць толькі ў не прышчэпленых ад яго людзей.
Па выніках апытанняў тых, хто ў выніку захварэў на клешчавыя інфекцыі, большасць з іх укусілі ў лясах, на дачных участках і ў сельскай мясцовасці (48,7%). 29,3% пацярпелых кляшчы ўкусілі ў жылой забудове, і яшчэ 21,9% - на тэрыторыях іншых раёнаў і абласцей.
Падчас адпачынку і працы на прыродзе аглядацца на кляшчоў варта кожныя дзве гадзіны. Пасля выдалення кляшча важна звярнуцца ў паліклініку на працягу 72 гадзін для прафілактычнага лячэння. Звяртацца можна па месцы жыхарства да ўрача-інфекцыяніста, тэрапеўта або педыятра.
Хваробы Лайма стала больш
Эпідэміялагічную сітуацыю па захваральнасці на клешчавыя інфекцыі за першыя паўгода 2023-га эпідэміёлагі называюць «напружанай».
У пачатку чэрвеня ў Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адзначалі, што за першыя пяць месяцаў 2023 года ўдзельная вага людзей, якія пацярпелі ад кляшчоў у лесах Гродна ці блізкіх ад горада, была большай, чым летась, і склала 63% (2022 — 43%). У лясах Гродзенскага раёна пацярпелых было 14,7% (у 2022 было 12,5%).
За першыя пяць месяцаў 2023 года на клешчавыя інфекцыі захварэла 26 жыхароў горада і раёна. З іх у 22 быў лайм-барэліёз, у чацвёртых — вірусны энцэфаліт. У 2022 годзе хворых было менш — 8 і 4 адпаведна.
Дзе гуляць бяспечна?
Паркі Гродна ад кляшчэй сёлета апрацоўвалі ў канцы чэрвеня — з 23 па 28, хоць менавіта чэрвень лічыцца месяцам найбольшай актыўнасці кляшчоў.
Супраць кляшчоў тады апрацавалі тэрыторыі ўздоўж пешаходных дарожак, веладарожак, каля спартыўных пляцовак, лаваў у зонах адпачынку:
- урочышча Пышкі (Сцежка здароўя),
- урочышча Ласосна,
- лесапарку Румлева,
- на Юбілейным возеры,
- у Каложскім парку,
- у скверы мікрараёна Альшанка,
- у парку Жылібера,
- у месцах неарганізаванага адпачынку ў лясных масівах па вул. Томіна — Славінскага, урочышча Форт, вул. Волкава, у пасёлку Паўднёвым.
Агульная плошча супрацьклешчавых апрацовак склала 81 га. Актыўна апрацоўвалі тэрыторыі дзіцячых аздараўленчых устаноў, санаторыяў, базаў адпачынку, прыватных і дачных домаўладанняў. Усяго за паўгода агульная плошча акарыцыдных апрацовак склала 149,1722 га.
Колькі кляшчоў налічылі ў Гродне?
З сакавіка па чэрвень энтамолагі абследавалі 220 тэрыторый, і на траціне з іх знайшлі кляшчоў. Сярэдняя колькасць кляшчоў за шэсць месяцаў у жылой забудове і ў прыродных біятопах горада засталася на ўзроўні 2022 года. У Гродне гэта 4,51 экз. на сцяг/кіламетр (у 2022 было 4,56), у Гродзенскім раёне — 7,76 экз. на сцяг/кіламетр (у 2022 — 6,12).