Дзмітрыя Валянцінавіча Біча пачалі судзіць паводле арт. 430 ч.1 КК «Атрыманне хабару» ў судзе Ленінскага раёна Гродна 6 ліпеня. Яго дадзеныя супадаюць з дадзенымі кіраўніка Адзінага інфармацыйнага разлікова-касавага цэнтра. Там паведамілі, што ён больш не працуе.
Суддзя – Наталля Козел.
Адзіны інфармацыйны разлікова-касавы цэнтр стварылі ў Гродне ў 2015 годзе. Гэта арганізацыя, выдзеленая са структур ЖКГ, якая выстаўляе рахункі за камунальныя паслугі. Таксама там працуюць пашпартысты.
Дзмітрый Біч узначаліў камунальнае прадпрыемства “Адзіны інфармацыйны разлікова-касавы цэнтр” у 2021 годзе. Пры ім папяровыя жыроўкі замянілі на электронныя.
Да гэтага ён быў намеснікам генеральнага дырэктара «Гроднааблсельбуд». Там на яго ўскладалася “тэхнічнае кіраўніцтва праектнай дзейнасцю прадпрыемства, падрыхтоўка і арганізацыя праектавання аб’ектаў, інфармацыйнае забеспячэнне”.
Таксама Дзмітрый – член пастаянна дзеючай гарадской камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
Што сказалі ў АІРКЦ?
У прыёмнай карэспандэнтцы Hrodna.life, якая патэлефанавала як грамадзянка, паведамілі, што з Дзмітрыем Бічом не могуць звязаць, бо ён больш не працуе ва ўстанове. З якой прычыны не працуе і ці звязана гэта з тым, што яго могуць судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна, не змаглі паведаміць, бо гэта яго «асабістая справа». “Такую інфармацыю даваць не буду, нічога не ведаю”, – паведамілі карэспандэнту. Функцыі дырэктара выконвае намеснік дырэктара, паведамілі ў прыёмнай.
Ды сайце Дзмітрый Біч пакуль пазначаны дырэктарам. На сайце ўстановы ёсць раздзел “Барацьба з карупцыяй”.



