Імя настаяцельніцы жаночага манастыра ў Гродне ігуменні Гаўрыілы занеслі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Афіцыйна пра гэта паведамяць 3 ліпеня ў Дзень незалежнасці, паведаміў тэлеканал “Гродна Плюс”.  

гаўрыіла
Ігумення Гаўрыіла. Крыніца: belta.by

“Я нічога на свой адрас не прымаю, любое добрае слова з боку ўлады, гараджан, прыхаджан, дзяцей, манахаў і манахінь, я гэта прымаю, як для царквы. Калі добра робім – царкве прыносім станоўчы момант. Калі дрэнна – царкве гэта, на жаль, не вельмі прыемна. Таму калі наша дзяржаўная ўлада лічыць, што тыя ці іншыя ігуменні, архірэі, святары і проста вернікі заслугоўваюць свецкіх узнагарод, свецкіх ушанаванняў, то гэта ўсё адносіцца не да нас асабіста, а да святой нашай царквы”, – сказала ігумення Гаўрыіла. 

“Малітва – самы лепшы Wi-Fi”

Ігумення кажа, што спаведуе дзве галоўныя жыццёвыя каштоўнасці – духоўнае выхаванне моладзі і ўзмацненне інстытута традыцыйнай сям’і.

“Самая лепшая зброя – гэта малітва, нязмушаная малітва. Устаць на малітву і прасіць Госпада, а малітва – гэта самы лепшы вай-фай, які даходзіць да Госпада. Найлепшы. Рукі паднялі і гаворым – Госпадзе, не пакінь, Маці Божая Абарані. І Гасподзь чуе. Але трэба верыць у гэта і трэба старанна прасіць Госпада”. 

Раней Гаўрыіла атрымала найвышэйшую ўзнагароду РПЦ

У кастрычніку 2022 года патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Кірыл узнагародзіў ігуменню Гаўрыілу ордэнам Святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі І ступені. Гаўрыіла – першая і адзіная ў Беларусі жанчына, што атрымала гэты ордэн. У снежні 2020 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Гаўрыілу ордэнам Францыска Скарыны. 

Чытайце таксама: Ігумення Гаўрыіла хоча забіраць у манастыр дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў