Для продажу ўчастка пад забудову ў Новым Свеце прызначылі дату аўкцыёну. Замест дамоў №№ 16 і 16А па вуліцы Cлавацкага, недалёка ад кінатэатра «Космас» у Гродне, плануюць збудаваць шматкватэрны жылы дом.

Аўкцыён пройдзе 25 ліпеня. Пачатковы кошт за права праектавання і будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома — 34 222 рублёў. Яшчэ каля 260 430 рублёў спатрэбіцца на знос прыватных дамоў і участкаў з насаджэннямі на гэтай тэрыторыі. Плошча ўчастка пад забудову — 0,198 га.

Участак пад забудову на Славацкага
Участак на вуліцы Славацкага, прызначаны пад забудову. Крыніца: gcn.by

Па ўмовах аўкцыёну, на гэтым месцы можна пабудаваць шматкватэрны жылы дом не вышэй за 11 м. Зямельны ўчастак можна ўзяць у арэнду на 50 гадоў. Заяўкі на ўдзел у таргах прымаюць да 19 ліпеня да 17:00.

Дом № 16А — нежылы, у доме № 16 жывуць людзі.

Участак пад праектаванне і будаўніцтва двух-трохпавярховага дома з мансардай на Славацкага выстаўлялі на аўкцыён у траўні 2019 года. Тады за яго хацелі мінімум 31,8 тыс. рублёў, знос будынкаў ацэньвалі ў 127,6 тыс. рублёў. Гэты ўчастак спрабавалі прадаць і раней.

Новы шматпавярховік апынецца насупраць дома па Р. Люксембург, 2, звяртае ўвагу канал Urban Hrodna. Гэта прыклад гарадской драўлянай архітэктуры. Будынак мае элементы канструктывізму, разныя падзоры на абодвух паверхах; дэкаратыўнасць надае і драўляная ашалёўка, размешчаная пад рознымі вугламі.

драўляны дом на Розы Люксембург, 2 - Новы Свет у Гродне
Будынак па вул. Розы Люксембург, 2. Фота: Urban Hrodna

Чытайце таксама: У будынку 1930-х у Гродне зрабілі дызайнерскі рамонт і прадаюць пад офісы за амаль $ 500 тыс.