Новая чабурэчная “ЧебурекМи” адкрыецца на Карла Маркса, 40, насупраць Дома сувязі. Гэта кропка ад расійскай франшызы.
У меню франшызы – чабурэкі з мармуровай ялавічынай, з курыцай па-азіяцку, са свінінай і ялавічынай, з мацарэлай і вяндлінай, з мацарэлай, з клубніцамі і бананам, з рыбай і тварожным сырам. Ёсць міні-чабурэкі, чабурэкі-пірагі, супы. Вага чабурэкаў ад 125 г – з мацарэлай да 155-165 г – з мясной начынкай.
У меню гродзенскага пункту чабурэкі з мармуровай ялавічынай будуць даражэйшыя за іншыя, але кошт усё роўна будзе дэмакратычны, піша “Вечерний Гродно” са спасылкай на ўласнікаў установы. У наяўнасці будуць таксама розныя напоі і закускі.
Ежу будуць прадаваць у аднаразовай упакоўцы, абяцаюць, што яна не будзе працякаць. Унутры ўстановы будзе 8-10 пасадачных месцаў, але асноўны фармат працы — ежа на вынас.
Зараз ідзе падрыхтоўка да адкрыцця. У тэставым рэжыме кропка запрацуе дзён праз 10, а ў адну з субот чэрвеня адкрыецца афіцыйна.

У сеткі закусачных “ЧебурекМи” працуе больш за 270 кропак у Расіі, Эстоніі, Узбекістане і Беларусі. У Беларусі да цяперашняга моманту было адкрыта тры кропкі ў Мінску, дзве ў Оршы і адна ў Светлагорску.
Чытайце таксама: У Гродне адрадзілі тую самую “Чабурэчную” – з рэцэптамі, атмасферай і на той жа вуліцы



