У Гродне плануюць адзначыць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Свята адбудзецца 1 чэрвеня 2023 года на плошчы Савецкай. Плануецца праца інтэрактыўных пляцовак і канцэртная праграма, паведаміў тэлеканал “Гродна Плюс”.
На Савецкай плошчы плануюць арганізаваць 10 інтэрактыўных пляцовак. На іх будуць гульні, квэсты, аніматары, а таксама выстава тэхнікі ад Міністэрства надзвычайных сітуацый і Дзяржаўтаінспекцыі.
У цэнтры плошчы размесцяць імправізаваную сцэну. На ёй адбудзецца дзвюхгадзінная праграма, якую падрыхтавалі самі дзеці. Арганізатары разлічваюць, што на Савецкую плошчу прыйдуць каля 2,5-3 тыс. школьнікаў. Таксама арганізатары разглядаюць магчымасць правесці экскурсіі для дзетак па гістарычнай частцы горада.
Дзецям распавядуць пра занятасць летам
“Дзецям будуць прадастаўлены майстар-класы ўсіх цэнтраў дадатковай адукацыі, як абласной, так і гарадской формы ўласнасці, дзе нашы педагогі раскажуць дзецям, дзе яны могуць атрымаць занятасць у летні перыяд, запісацца ўжо на наступны навучальны год у пэўныя гурткі. Некалькі пляцовак у нас таксама будуць арганізаваны і ў іншых пунктах горада Гродна. Дзеці з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, яны правядуць свята на базе сваёй установы адукацыі, гэтаксама мы павіншуем дзяцей з дамоў сямейнага тыпу”, – сказаў кіраўнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Семанчык.
Бібліятэка арганізуе пікнік з пісьменнікамі
Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага арганізуе абласны фестываль кнігі “Гарадзенскі ЛітФэст”. Яго прысвецяць дзецям і літаратуры для іх. “ЛітФэст” адбудзецца каля тэатра лялек у парку Жылібера.
Падчас фестывалю адбудзецца літаратурна-музычная праграма, тэатралізацыі твораў і майстар-клас па акцёрскім майстэрстве, арганізуюць творчыя майстэрні і фотазоны. Акрамя гэтага будзе пікнік з беларускімі пісьменнікаммі: Ірынай Карнаўхавай, Уладзімірам Мазго, Інай Фраловай, Юліяй Сноп, Вікторыяй Карась, а таксама з аўтарамі абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”.
У тэатры пакажуць спектакль для дязцей
У Тэатры лялек 1 чэрвеня пакажуць спектакль “Маленькі мук”. Перад пачаткам пастановы перад уваходам у тэатр арганізуюць сустрэчу дзяцей з героямі. Пачатак праграмы ў 11:30, пачатак спектакля ў 12:00.

У заапарку таксама будзе свята
У гродзенскім заапарку 4 чэрвеня адбудзецца “Дзень дзяцінства”.
- 12:00 – 14:00 – праца тэматычных пляцовак;
- 12:20 – канцэрт “З Днём дзяцінства!”;
- 13:10 – анімацыйная праграма “БімБом запрашае!”;
- 14:10 – гульнявая праграма “ZooДыскатэка”;
- Цана ўваходных білетаў: дзяцячы – 6,5 рублёў, дарослы – 8,5 рублёў.
Пачнуць працаваць дзіцячыя летнікі
З 4 чэрвеня 2023 года пачнуць працаваць аздараўляльныя дзіцячыя лагеры. Летам 2023 года там плануюць аздаравіць 11 тыс. гродзенскіх школьнікаў ад 6 да 18 гадоў. Лагеры будуць розных тыпаў: дзённыя прышкольныя, кругласуткавыя стацыянарныя, а таксама вайскова-патрыятычныя.
Вайскова-патрыятычны лагер арганізуе вайсковая частка 5522, якая ўжо арганізуе намётавы лагер на тэрыторыі брыгады №6, якая размяшчаецца на Фолюшы. «Дзеці падчас аздараўлення змогуць азнаёміцца са штодзённасцю вайскоўцаў, акунуцца ў атмасферу вайсковых частак на дзевяць дзён», – казаў раней Андрэй Семанчык.





