Участак паміж Курганам Славы і гіпермаркетам «Мацярык» на праспекце Касманаўтаў выставілі на паўторны аўкцыён. Плошча, якую можна арандаваць, павялічылі больш чым у 2,5 разы. Там плануюць пабудаваць будынак грамадскага прызначэння.

Зямельны ўчастак на выездзе з горада каля Кургана Славы рыхтуюць да забудовы. Па ўмовах аўкцыёну, там можа з’явіцца гандлёвы або офісны цэнтр, будынак грамадскага харчавання, спартыўны, культурны або медыцынскі цэнтр. Улетку туды прыязджае перасоўны цырк.

Цяпер плошча зямлі, якую там можна арандаваць на 50 гадоў - 2,6810 га. Каэфіцыент інтэнсіўнасці забудовы ўчастка не павінен перавышаць 0,5, каэфіцыент забудовы — не большы за 0,5. Максімальная вышыня будынка, які там можна будзе пабудаваць — да 12 м.

участок под застройку
Участак пад забудову каля Кургана Славы. Скрыншот Hrodna.life

Пачатковы кошт права арэнды ўчастка і яго забудовы — 423 498 рублёў. Аўкцыён пройдзе 27 чэрвеня. Арганізатар — «Гродзенскі цэнтр нерухомасці».

Пераможцу аўкцыёну давядзецца распрацаваць і зацвердзіць у Міністэрстве культуры праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Курган Славы» і забудоўваць участак з улікам яго патрабаванняў. Таксама трэба будзе максімальна захаваць буйнамерныя дрэвы.

Год таму гэты ўчастак ужо спрабавалі прадаць пад забудову. Тады для продажу вызначылі 1 га. За яго хацелі амаль 149 тыс. рублёў. Дадаткова 59,4 тыс. рублёў трэба было заплаціць Гродзенскай ЖКГ за выдаткі, якія яна панясе праз заняцце ўчастка. Ахвотных не знайшлося.