У вёсцы Даўгінава ў Карэліцкім раёне ёсць слімаковая ферма RATOV. Яе ў 2014 годзе арганізавалі Уладзімір і Вікторыя Ратавыя. Фотаздымкі з іх фермы апублікавала sb.by.
Слімакі жывуць у спецыяльных вальерах з бетону. Гэта даўгія бетонныя «загоны», якія зараслі зелянінай. Над вальерамі нацягнута абарончая сетка, каб жывёлы не пераграваліся на сонцы. Таксама зверху ёсць сістэма паліву, бо слімакі любяць вільгаць.
Па ферме праводзяць экскурсіі
На ферме не толькі вырошчаваюць слімакоў, але і праводзяць экскурсіі. Падчас каранавіруса замежных турыстаў стала менш, але пачало прыязджаць больш беларусаў, распавядаў Уладзімір у 2021 годзе.
Слімакоў уладзімір прадае па Беларусі, а таксама пастаўляе ў Расію. У 2021 годзе Уладзімір планаваў пачаць печ пірагі з начыненнем са слімакоў, стварыць базу, дзе людзі маглі б адпачываць па некалькі дзён, а таксама адкрыць спа-салон са «слімаковым» амалажэннем.
Колькі каштуюць стравы са слімакоў
На ферме можна набыць стравы са слімакоў. Напрыклад, за 18 слімакоў у ракавінах з укропам ці базілікам трэба заплаціць 39 рублёў, за 12 слімакоў - 27 рублёў. Таксама можна набыць слімаковы паштэт альбо пірог «Кіш ларэн 4 сыры са слімакамі» за 60 рублёў.