Навіны

Камяніцу XVIII ст. у цэнтры Гродна прадаюць з 40% зніжкай

Гістарычную камяніцу на Замкавай, 5 — былы інтэрнат медыцынскага ўніверсітэта — прадаюць са зніжкай 40%. Пасля рэканструкцыі там павінны з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Будынак не могуць прадаць больш за паўтара гады.

Гэтым разам пачатковы кошт на будынак выставілі 1 756 621 рублёў ($ 600,5 тысяч). У яго ўваходзіць:

  • нерухомасць са зніжкай 40% - 1 709 640 рублёў,
  • абсталяванне (лінія электраперадачы 0,4 кВ, пажарная сігналізацыя і сістэма абвесткі пры пажары) — 6 626 рублёў,
  • права на арэнду ўчастка пад забудовай 0,1582 га на 50 гадоў - 40 355 рублёў.

Купіць камяніцу XVIII ст. можна ў растэрміноўку. Восенню 2021 года за яе хацелі $ 1 млн 159 тысяч. З таго часу цану зніжаюць.

Двор будынка на Замкавай, 5. Фота: Гродзенскі цэнтр нерухомасці

Будынак трохпавярховы, цагляны, з драўлянымі перакрыццямі і падвалам. Агульная плошча камяніцы — 2200,9 кв.м, плошча падвала — 202 кв.м. Да будынка належаць каваная брама і асфальтаваная пляцоўка плошчай 590,6 м.

Камяніцу дазволена адрэстаўраваць пад аб’ект грамадскага прызначэння. У 2020 там задумвалі зрабіць элітную гасцініцу, але перадумалі. Правесці рэканструкцыю (ці адрамантаваць) і ўвесці ў эксплуатацыю будынак трэба цягам чатырох гадоў.

Аўкцыён прызначаны на 22 чэрвеня.

Не палац не Масальскіх

Будынак вядомы як камяніца Масальскіх, старажытнага роду Вялікага Княства Літоўскага. Побач некалі існаваў палац Масальскіх, і доўгі час лічылі, што гэта быў адзін комплекс. Але гісторык Мечыслаў Супрон сцвярджае, што назва памылковая.

Паводле яго, у пачатку XVIII ст. на месцы гэтага будынка быў пляц навагрудскага ваяводы Міхала Фаўстына Радзівіла, забудаваны палацам з афіцынамі. Ён бачны на плане горада 1753 г. Імаверна, уся забудова пляца згарэла ў адным з пажараў другой паловы XVIII ст., бо на плане 1780 г. на гэтым месцы ўжо не пазначана ніводнага будынка.

Паводле люстрацыі Гродна 1782 г. пляц належаў радніку магістрата Рафановічу, на якім той узводзіў новы будынак. Ён з’яўляецца на плане горада 1795 г. У пачатку XIX ст. будынак належаў казне і здаваўся ў арэнду прыватным асобам.

У міжваенны час да камяніцы быў надбудаваны трэці паверх, а пасля Другой сусветнай вайны знешні выгляд будынка змяніўся да непазнавальнасці, калі да яго надбудавалі трохвугольны франтон, прырабілі балконы.

Замкавая, 5 у канцы 18 ст. Паўднёвы фасад. Рэканструкцыя М. Супрона

Пасля Першай сусветнай тут засядаў Беларускі нацыянальны камітэт. У 1920-я былі гандлёвыя прадстаўніцтвы і яўрэйская школа. У 1950 годзе адкрылі гандлёва-кулінарную школу, а з 1970-х гадоў там размяшчаўся інтэрнат медінстытута.

Апошнія запісы

«Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…

24 красавіка 2025

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…

24 красавіка 2025

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025

У Беларусі распрацуюць экскурсію па храмах і могілках Воранаўшчыны

У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію "Па святынях Воранаўшчыны". Аўтар зможа зарабіць 2820…

23 красавіка 2025