У Гродне прадаюць трохпакаёвую кватэру ў будынку, якому амаль 100 гадоў. У кватэру ёсць асобны ўваход з вуліцы. Аб’яву размясцілі на сайце агенцтва нерухомасці “2КіК”.

Кватэра знаходзіцца на вуліцы Свярдлова ў будынку 1926 году пабудовы. Агульная плошча кватэры 88,3 кв.м, жылая – 56,3 кв.м.
На падлозе паркет пачатку ХХ стагоддзя. У аб’яве сцвярджаюць, што “з адбіткам царскай Расіі”. Капітальны рамонт там не рабілі. З калідора ў кватэры можна патрапіць у падвал. У ім захаваліся цагляныя скляпенні.
Пабудова ўнесенена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як частка каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Гродна”. У будынку тры кватэры: дзве размяшчаюцца на першым паверсе, адна на мансардным. Сам дом знаходзіцца на ўчастку плошчай 12,28 сотак. За кожнай кватэрай – траціна ўчастка.
Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: двухузроўневую кватэру з барнай стойкай у лоджыі можна купіць у Гродне
Што вядома пра Чыноўніцкую калонію
Будынак размяшчаецца ў раёне так званай Чыноўніцкай калоніі. Яе ўзвялі ў канцы 1920-х гадоў на высокай верхняй тэрасе над Нёманам у раёне чыгуначнага моста. Гэта было адмысловае жыллё для чыноўнікаў міжваеннай Польскай рэспублікі. У раёне было больш за дзясятак стыльных двухпавярховых дамкоў, як правіла на дзве сям’і. Сярод адметнасцяў пабудоваў – тэрасы і контрфорсы на будынках.










