У гаспадара сабакі, які загрыз яго на вачах у дзіцяці, незадоўга да здарэння быў траўмаваны твар. Стафардшырски тэр’ер рэагаваў на кроў і спрабаваў лізаць раны, распавяла жонка загінулага. У гісторыі, якая адбылася пад Навагрудкам, высветліліся новыя дэталі.

Усё адбылося 9 мая. Мужчына з трохгадовай дачкой і сабакам на выхадных быў у вёсцы Ачукевічы Навагрудскага раёна. Ён перастаў выходзіць на сувязь. На другі дзень яго жонка занепакоілася і папрасіла суседку праверыць, ці ўсё ў парадку. Тая стукала ў вокны, але не атрымала адказу. Тады жонка выклікала міліцыю.

Участковы змог адкрыць акно і ўбачыў трохгадовую дзяўчынку, мужчыну і сабаку. Дзяўчынка забілася ў кут, пёс рыкаў, а побач ляжала разадранае цела бацькі малой. На той момант мужчына ўжо не падаваў прыкмет жыцця, а галава была ўся скрываўленая, распавёў участковы ў эфіры АНТ.

Дзяўчынка баялася паварушыцца – на любы рух сабака пачынала рыкаць. Участковы выклікаў калег. Увагу сабакі занялі, дзяўчынку ўдалося выцягнуць з дому. Ёй аказалі медыцынскую дапамогу, а жывёлу ўсыпілі.

“У любым выпадку гэта жывёла”

Жонка загінулага распавяла, што ў мужчыны была нядаўняя траўма твару і праз швы прасочвалася кроў. Тэр’ер пры кожным зручным моманце спрабаваў залізваць раны.

“Сабака ніколі не выяўляла ніякай агрэсіі да людзей”, – падкрэсліла жанчына. Сабаку было шэсць гадоў, ён быў афіцыйна зарэгістраваны, меў неабходныя дакументы і прышчэпкі, распавялі ў Следчым камітэце. Жывёлу трэнавалі абодва сужэнцы, вазілі яго на выставы і спаборніцтвы.

“Улічвайце свой стан здароўя, гэта трэба разумець. Трэба аддаваць сабе справаздачу, гэта ў любым выпадку жывёла. Так ці інакш, сабакі паходзяць ад ваўка”, – сказала жонка загінулага журналістам.

Таксама высветлілася, што да здарэння сабака пабіўся ў вёсцы з іншым сабакам небяспечнай пароды – алабаем. Мужчына разнімаў жывёл. Гэты эпізод таксама мог справакаваць лютасць.

Праверка па тым, што адбылося працягваецца.

Чытайце таксама: