У Гродзенскім абласным клінічным цэнтры (ГАКЦ) “Псіхіятрыя-наркалогія” новы галоўны лекар – Дзмітрый Лазарэвіч. Яго прадставіла калектыву кіраўніца галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Людміла Кеда, паведаміў Telegram-канал “Здравоохранение Гродненщины”. 

У Гродзенскім цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” новы галоўны лекар. Раней ён быў судмедэкспертам
Дзмітрый Лазарэвіч і Людміла Кеда. Крыніца: Telegram-канал “Здравоохранение Гродненщины”

Што вядома пра новага галоўнага лекара

Дзмітрый Лазарэвіч скончыў Гродзенскі медычны ўніверсітэт. Працаваў дзяржаўным медычным судовым экспертам-псіхіятарам у Слонімскім міжраённым аддзеле ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, а пазней – у тым жа ўпраўленні па Гродзенскай вобласці. У 2019 годзе скончыў Акадэмію ўпраўлення пры прэзідэнце.

У 2022 годзе заняў пасаду намесніка галоўнага лекара ў ГАКЦ “Псіхіятрыя-наркалогія”. Бацька Дзмітрыя Лазарэвіча – Сяргей Лазарэвіч – кіруе Гродзенскай універсітэцкай клінікай. 

Што з папярэднім галоўным лекарам

Папярэдні галоўны лекар ГАКЦ “Псіхіятрыя-наркалогія” – Сяргей Букін – цяпер будзе намеснікам галоўнага лекара. Ён кіраваў цэнтрам з 2021 па 2023 год. Яго папярэднік Максім Варанко сышоў з пасады ў чэрвені 2021 года. Ён звольніўся па пагадненні бакоў. Некаторыя звазвалі яго сыход з падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і візітам у цэнтр Уладзіміра Караніка. Але сам Варанко сцвярджаў, што вырашыў сысці, каб заняцца ўласнымі праектамі. 

Чытайце таксама: «Па пагадненні бакоў». У Гродне звольніўся галоўны ўрач «Псіхіятрыі-Наркалогіі»