Грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне» з вёскі Пеляса ліквідуюць 28 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Арганізацыя больш за 20 гадоў працавала для стварэння ўмоў для нацыянальнага самавыяўлення беларускіх літоўцаў. Аб’яднанне дзейнічала ў Пелясе, дзе ёсць школа з літоўскай мовай навучання. Там нацыянальная меншасць праводзіла мерапрыемствы і сустрэчы з літоўскімі чыноўнікамі.
Заяўнікам выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Юрый Карэцкі.
Аб’яднанне працуе з 1993 года на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Гэта першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне літоўцаў. У перакладзе з літоўскага «gimtinė» — «радзіма». У Пелясе 80% жыхароў - літоўцы па нацыянальнасці. Да беларуска-літоўскай мяжы ад вёскі 13 км.
Там праводзілі святы Казюкас, Ужгавенес (літоўскую Масленіцу, свята сустрэчы вясны), Дзень Святога Лінуса (у яго гонар названы мясцовы касцёл, дзе праводзяцца службы на літоўскай мове). У школу дзякуючы арганізацыі прыязджалі дыпламаты і чыноўнікі з Літвы.
Паводле сайта just-grodno.gov.by, на 1 студзеня 2022 года колькасць членаў грамадскага аб’яднання складала 150 чалавек, у 2021 — 163.
Польшчу, Літву і Латвію ў Беларусі прызналі «недружалюбнымі» дзяржавамі.
Чытайце таксама: «Алею купіць пяць літраў». Рэпартаж з памежнай вёскі, куды едуць літоўцы і беларусы
UPD 28 красавіка. 27 красавіка ў МЗС Літвы выклікалі прадстаўніка Амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве. Яму ўручылі рашучую ноту пратэсту ў сувязі ліквідацыяй грамадскага аб’яднання літоўцаў Gimtinė, піша Delfi. У ноце адзначаецца, што на такія дзеянні Беларусі рушыць услед жорсткі і прынцыповы адказ, Літва падыме гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях.
UPD 1 траўня. Гродзенскі абласны суд у пятніцу, 28 красавіка, вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»). Пра гэта ТАСС паведамілі ў судовай інстанцыі.
«Рашэнне вынесенае, іск задаволены», — паведамілі ў судзе. Ва ўпраўленні юстыцыі ТАСС паведамілі, што з боку аб’яднання, якое працавала ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, зафіксаваныя парушэнні закона, аднак падрабязнасці справы каментаваць не сталі.