У Міністэрстве культуры лічаць, што за кошт бюджэтных сродкаў трэба ў першую чаргу забяспечыць захаванасць Гальшанскага замка і прадухіліць яго далейшае разбурэнне. А вось ствараць музейную экспазіцыю ў паўночна-ўсходнім корпусе «мэтазгодна за кошт пазабюджэтных сродкаў».
Такі адказ за подпісам намесніка міністра мультуры Сяргея Саракача атрымаў праекціроўшчык, рэстаўратар Ігар Раханскі. Раней ён кіраваў стварэннем праекта кансервацыі з элементамі рэканструкцыі паўночна-ўсходняга і паўночна-заходняга карпусоў Гальшанскага замка. Нядаўна праект зацвердзілі ў Міністэрстве культуры. Музейная экспазіцыя павінна была быць убудаваная ў захаваныя руіны.
«Сістэма нормаў настроена так, што музейная экспазіцыя ў карпусах замка не праходзіць узгадненні і экспертызу», — пракаментаваў спецыяліст у сваім Facebook.

Фота дакумента, атрыманага з Міністэрства культуры, Раханскі размястіў у сябе на старонцы.
«Работы, якія выконваюцца за кошт бюджэтных сродкаў у рамках аб’екта „Кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем руін былога замка Сапегі з фрагментамі абарончых збудаванняў у аг. Гальшаны Ашмянскага раёна“, у першую чаргу павінны быць накіраваны на забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і прадухіленне яе далейшага разбурэння. З улікам выкладзенага лічым мэтазгодным працы па стварэнни музейнай экспазіцыі ў паўночна-ўсходнім выконваць за кошт пазабюджэтных сродкаў», — сказана ў лісце.
«Грошы ёсць толькі на тое, каб сцены на грамадзян не падалі, як у Зембіне. А ўжо калі вы хочаце на гэтым замку зарабляць (ці хаця б часткова акупляць яго ўтрыманне) — на гэта грошай няма, гэта ўжо з вашага кішэні. Ну, а мы Вам потым дзякуй скажам», — напісала ў каментарах адна з карыстальніц сацсеткі.
Праект кансервацыі ўжо быў узгоднены
Праект кансервацыі з элементамі рэстаўрацыі і канцэпцыю музейнай экспазіцыі для Гальшанскага замка распрацоўвала прыватная праектная арганізацыя «Неф-праект». Арганізацыя займалася таксама аднаўленнем адной з вежаў замка для размяшчэння там турыстычнай інфраструктуры. Раней Раханскі кіраваў праектным бюро пры Беларускім камітэце ICOMOS, з’яўляецца ініцыятарам канцэпцыі рэвіталізацыі Гальшанскага замка.



Рэканструкцыі чакалі 20 гадоў
Даследаванні былога замка Сапегаў пачатку XVII ст. (Гальшанскі замак) для далейшага аднаўлення пачаліся яшчэ ў 1998 годзе. У 2008 годзе калектыў аўтараў падрыхтаваў «Канцэпцыю экспанавання Гальшанскага замка». Асноўная ідэя была ў частковай рэстаўрацыі і ўладкаванні музея ў закансерваваных руінах. У 2011 годзе канцэпцыю ўзгадніла Міністэрства культуры Беларусі.
У 2018 нарэшце змаглі прыступіць да рэканструкцыі. Паўночную вуглавую вежу і турыстычна-інфармацыйны цэнтр пры замку адкрылі ў траўні 2021 года. У візіт-цэнтры перад замкам размясцілі сувенірную краму, адміністрацыйныя і санітарныя памяшканні. Добраўпарадкавалі паркоўку.
У пачатку 2023 ішлі працы на паўночна-ўсходнім корпусе замка. На паўночна-заходнім корпусе завяршалі супрацьаварыйныя кансервацыйныя мерапрыемствы. У перспектыве былі працы з фрагментамі, якія захаваліся ў зямлі: частковае аднаўленне замкавай капліцы, паўднёва-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў, паўднёвай і заходняй вежай.
Сярод далейшых планаў праекціроўшчыкаў было аднавіць таксама сажалку і парк — элементы замкавага комплексу, якія былі страчаны ўжо ў наш час.